Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі гарвыканкам забараніў начны гандаль, і нелегальны продаж гарэлкі адразу павялічыўся


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У пятніцу напярэдадні выбараў, калі працоўнаму народу выдалі заробкі, магілёўскі мэдвыцьвярэзьнік быў перапоўнены – моцна п’яных людзей было болей чым ложкаў. У нядзелю на выбарчых участках буфэты прапаноўвалі наведвальнікам шырокі асартымэнт сьпіртовых напояў у разьліў. Аднак пасьля выходных магілёўскія ўлады вырашылі, што надышоў час жорстка змагацца з п’янствам. Ці ёсьць сувязь паміж гэтымі падзеямі?

Магілёўскія ўлады мяркуюць, як прымусіць ці навучыць людзей культурна ўжываць сьпіртовыя напоі. З аднаго боку, дзяржава гандлюе алькаголем і атрымлівае ад продажу вялікія грошы ў бюджэт. Аб’ёмы продажу таннага віна, якой называецца “чарнілам”, падвышаюцца няўхільна.

Паводле апытаньняў магілёўскіх сацыёлягаў, прыкладна палова людзей не ўяўляе сьвята безь сьпіртовых напояў і цалкам ўпэўненая, што алькаголь дапамагае наладзіць кантакт паміж людзьмі. Таму гарэлка на выбарах – гэта лягічна. Савецкая традыцыя “100 грамаў шчасьліваму выбаршчыку” не зьнікае.

Аднак што рабіць з наступствамі такой палітыкі? Вось інфармацыя пра тое, як прайшлі мінулыя выходныя – акрамя перапоўненага выцьвярэзьніка, у вобласьці за суботу-нядзелю 6 чалавек загінулі на пажарах: п’яныя згарэлі жывымі. 4 забойствы ў абласным цэнтры – дакладна невядома, што яны зьвязаныя з п’янствам, але верагоднасьць вялікая.

За апошнія тры гады “п’яная” злачыннасьць у Магілёўскай вобласьці вырасла на 20 адсоткаў, кожнае трэцяе злачынства ўчыняецца п’янымі. За 9 месяцаў 55 чалавек загінула з-за таго, што кіроўца сеў за руль “пад градусам”.

Жахліва, ці ня так? У такой сытуацыі магілёўскія ўлады вырашылі ўжыць жорсткія забаронныя меры. Якія канкрэтна – яшчэ невядома: яны, відаць, распрацоўваюцца. Аднак кіраўнік “вэртыкалі” Магілёва Віктар Шорыкаў сказаў, што хопіць угаворваць, да кожнага чалавека міліцыянтаў не прыставіць, таму трэба караць п’яніцаў.

Праўда, апошняя такая мера яўна была няўдалая. Гарвыканкам забараніў начны гандаль, і адразу павялічыўся нелегальны продаж гарэлкі і ўсялякай небясьпечнай для здароўя й жыцьця “барматухі”. Неўзабаве давялося зноў адчыняць начныя крамы.

Што будзе далей – паглядзім, але я таксама прапаную паслухаць меркаваньні магілёўцаў наконт змаганьня ўладаў з п’янствам забароннымі мэтадамі. Яны ня вельмі вераць у іх эфэктыўнасьць:

(Спадар: ) “У нашай краіне змагацца забаронамі з п’янствам нельга. Выхоўваць трэба чалавека, каб ён разумеў, што п’янства – гэта шкода”.

(Іншы спадар: ) “Павінны самі змагацца. Кінуў і ўсё, і ня пі. У чым праблема? Я тры гады таму кінуў і ня п’ю. Чалавек сам павінен сябе ў руках трымаць”.

(Спадарыня: ) “Гэтая праблема заўсёды была, ёсьць і будзе. На жаль”.

(Спадар: ) “Канечне, вы паглядзіце, што ў нас творыцца ў крамах. Усе паліцы забітыя таннай барматухай, чарнілам. І прадаецца гэта з раніцы да вечара”.

(Іншы спадар: ) “Таму што на гэтых п’яных грошах проста выжываюць: выжывае бюджэт гарадзкі і той жа самы рэспубліканскі”.

(Спадар: ) “Я лічу, што ўлада сама вінаватая”.
XS
SM
MD
LG