Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДГ: “Галоўным аргумэнтам супраць іншадумства зноў стала міліцэйская дубінка”


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

Сёньняшнія беларускія газэты яшчэ не адрэагавалі на забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. Разам з тым, у іх нямала матэрыялаў пра акцыі пратэсту апазыцыі, што адбываліся апошнімі днямі.

Улада жорстка адрэагавала на выступы нязгодных з вынікамі выбарчай кампаніі, піша сёньняшняя “Белорусская Деловая Газета”. Колькі б беларускія афіцыйныя асобы ні казалі напярэдадні рэфэрэндуму пра дэмакратыю, усё гэта насамрэч аказалася толькі словамі. Справы ж ад квяцістых заяваў адрозьніваліся кардынальна. Галоўным аргумэнтам супраць іншадумства зноў стала міліцэйская дубінка, адзначае БДГ.

А на старонках “Витебского курьера” чытачы газэты разважаюць пра тое, як традыцыйныя тры галіны ўлады ў Беларусі апынуліся ў руках аднаго чалавека – Аляксандра Лукашэнкі. Прэзыдэнт, галава выканаўчай галіны ўлады, выдае пры гэтым ўказы й дэкрэты, што маюць сілу закону, ды яшчэ прызначае судзьдзяў Канстытуцыйнага суда. “Можа так паўсюль і я нечага не разумею, але ў нас быццам бы прэзыдэнт, а ня цар Усяе Беларусі?” – такое вось рытарычнае пытаньне задае чытач “Витебского курьера”, які падпісаўся прозьвішчам Рубідзін.

Ацяпляльны сэзон у Берасьці пачаўся з праблемамі, апавядае “Брестский курьер”. Ацяпленьне ў горадзе пачалі ўлучаць дзён дзесяць таму, але разам з тым на пачатку гэтага тыдня безь цяпла заставаліся 356 дамоў. Гэта з-за таго, што берасьцейскія камунальныя службы за лета не пасьпелі праверыць спраўнасьць цеплатрасаў.

А “Газета Слонимская” зьмяшчае непрыдуманую гісторыю пра вясковую жанчыну, што сорак гадоў чакала свайго сына дадому. Сын калісьці зьехаў у Маскву й цягам апошніх дзесяці год зусім ніякіх вестак пра сябе не падаваў. Прыехаў ён толькі на пахаваньне маці – на шыкоўным лімузіне, і пакінуў толькі 50 расейскіх рублёў. На помнік.
XS
SM
MD
LG