Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбна беларускай апазыцыі шукаць “трыбуну” ў Маскве?


Ігар Карней, Менск Цягам апошніх дзён у Маскве былі наладжаныя адразу некалькі прэсавых канфэрэнцый прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Усе сустрэчы ладзіліся якраз у той момант, калі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску міліцыя жорстка распраўлялася з удзельнікамі акцый пратэсту. У гэтым зьвязку сярод дэмакратычнай грамадзкасьці ўсё больш папулярнае меркаваньне: чым разьяжджаць па іншых сталіцах, дык лепей “вывесьці народ на барыкады”. Якога меркаваньня з гэтай нагоды самі палітыкі, якія спрабуюць знайсьці аўдыторыю ў Расеі?

Напачатку тыдня вялікая група палітычных і грамадзкіх дзеячаў выправілася ў Маскву, каб выказаць прэтэнзіі да расейскага кіраўніцтва з нагоды поўнага ігнараваньня апошніх палітычных падзеяў у Беларусі. У аўторак Васіль Лявонаў, Аляксандар Вайтовіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Колас, Зінаіда Бандарэнка сустрэліся з журналістамі ў расейскім Незалежным прэсавым цэнтры, а таксама выйшлі ў наўпроставы эфір расейскай службы Радыё Свабода.

Учора ўвечары адбылася “наўпроставая лінія” Валерыя Фралова, Аляксандра Дабравольскага, Алега Волчака й Аляксандра Ярашука з чытачамі газэты “Московский комсомолец”. У абодвух выпадках апазыцыянэры вазілі лісты на імя прэзыдэнта Пуціна, копію якога потым атрымалі расейскія журналісты. Адказу з Крамлю, натуральна, не дачакаліся.

Наконт плёну такіх паездак я пацікавіўся ў кіраўніка беларускага гуманітарнага ліцэю і нядаўняга кандыдата ў дэпутаты Ўладзімера Коласа.

(Колас: ) “На эфэкт, на рэакцыю паглядзім. Але звышілюзіяў няма, бо мы ведаем пра ступень свабоды слова ў Расеі. Ведаем, што ў Расеі інфармацыя таксама фільтруецца, але трэба выкарыстоўваць усе магчымасьці. Таму нармалёвы працоўны настрой, і ўражаньні таксама”.

Ці падзяляюць палітычныя дзеячы, якія спрабуюць знайсьці трыбуну ў Маскве, меркаваньне, што такія паездкі меней карысныя, чым актыўны супраціў на плошчах? Гэтае пытаньне я задаў Васілю Лявонаву, фонд якога часьцяком выступае арганізатарам падобных сустрэчаў з расейскім бокам.

(Лявонаў: ) “Я б адно другому не супрацьпастаўляў. Трэба рабіць і адно, і другое. Уплыў Расеі занадта вялікі, і ня весьці барацьбу з тымі, каго наняў Лукашэнка – у літаральным сэнсе “наняў” – немагчыма. Зь імі таксама трэба весьці барацьбу, і мы знаходзім у гэтым сэнсе тут пэўную падтрымку. Я вельмі спачуваю, і адначасова – удзячны тым, хто ходзіць са сьцягам. Але лічу, што трэба весьці барацьбу і з тым, хто з Расеі прадае Беларусь”.

Некаторыя нават дасьведчаныя палітыкі зьдзіўляюцца, што даводзіцца тлумачыць расейцам зусім простыя рэчы, мадэляваць суадносіны сілаў на палітычнай арэне. Аднак, паводле старшыні беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, нават пры гэтым высілкі марнымі не назавеш.

(Ярашук: ) “Мы ведаем прымаўку, што пад ляжачы камень вада не пацячэ. І калі сыходзіць з пэсымізму – маўляў, што б мы ні рабілі, усё роўна нічога станоўчага не адбываецца – то яно, натуральна, і не адбудзецца. Трэба мець на ўвазе, што расейская грамадзкасьць насамрэч мае вельмі мала інфармацыі аб тым, што адбываецца ў нашай краіне, і асабліва аб тым, што адбылося апошнім часам – размова, натуральна, пра 17 кастрычніка. Таму я лічу, што настойліва трэба стукацца ў дзьверы, даводзіць да шырокага кола грамадзкасьці, выкарыстоўваючы пры гэтым кожны зручны выпадак. Бо я магу ўпэўнена казаць: хтосьці з гэтых людзей мае вельмі скажонае ўяўленьне аб Беларусі”.

Старшыня расейскага Фонду абароны галоснасьці Аляксей Сіманаў таксама лічыць падобныя кантакты карыснымі. Асабліва ў сытуацыі, калі патрапіць на вочы шырокай аўдыторыі ў сумежнай краіне ўсё складаней.

(Сіманаў: ) “Насамрэч, у нас вельмі складана зь інфармацыяй па Беларусі, паколькі, шчыра кажучы, мала каго гэта ў Расеі і хвалюе. Таму ўзьнікае адна сур’ёзная праблема: мы ўвесь час выступаем з прэтэнзіямі адзін да аднаго, што ня тыя зьяўляюцца твары і на нашым, і на беларускім экранах. Бо калі ад імя расейскай інтэлігенцыі на вашых каналах выступае Станіслаў Куняеў, то ў мяне, натуральна, непрыемныя адчуваньні. Але зь іншага боку – каго яшчэ выпусьцяць? Дакладна гэтак жа ў пытаньнях Беларусі і тут: калі і дадуць гаварыць, то ня тым”.
XS
SM
MD
LG