Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму “Фарынгайт 9/11”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У менскім кінатэатры “Перамога” адбылася прэм’ера фільму “Фарынгайт 9/11” вядомага амэрыканскага рэжысэра-дакумэнталіста Майкла Мура. Чым беларускаму гледачу цікавы фільм, які выклікаў вялікі розгалас падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў ЗША? На прэм’еры фільму пабываў наш карэспандэнт.

21 кастрычніка тры вечаровыя сэансы ў кінатэатры “Перамога” былі аддадзеныя фільму, які ў ЗША сёлета, напэўна, стаў кінаскандалам нумар адзін. Цяпер і беларускія гледачы далучыліся да мільёнаў тых, каму “Фарынгайт 9/11” даў магчымасьць пасьмяяцца з далёкага ад нас амэрыканскага прэзыдэнта.

Але ня толькі Джорж Буш у гэтым фільме выглядае сьмешна. Толькі што гледачы сьмяяліся з высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі ці сэнатара, ў якога да тэлеінтэрвію не была гатовая фрызура. Але хто быў гэты чалавек, у фільме не пазначана. У Майкла Мура гэтак часта – да аднадумцаў стаўленьне паважлівае, а каманда Буша выглядае дурнямі. Нават калі фільм выходзіць на тэму вайны ў Іраку, плюралізму ў ім болей не становіцца.

А якія вашыя ўражаньні? – першым я спытаўся ў суседа, калі яшчэ не скончылі ісьці тытры фільму.

(Мужчына: ) “Безумоўна фільм аднабаковы, але які іншы бок можна паставіць супроць пытаньня навошта людзей адпраўляць на нікому непатрэбную вайну”.

А яшчэ мой сусед быў ўдзячны Майклу Муру за вострую сатыру на амэрыканскую рэчаіснасьць. Іншы малады глядач гэтага якраз і не вітаў.

(Юнак: ) “З Буша зрабілі нейкага Гітлера, столькі крытыкі! Нічога не паказалі, што ёсьць і добрыя моманты. А збольшага Мур малайчына, што адкрыта заявіў пра гэта”.

Усе, з кім я размаўляў, адзначалі дзьве мішэні фільму – прэзыдэнт Буш і вайна ў Іраку. Некаторыя вызначыліся з тым, што для аўтараў на першым месцы.

(Дзяўчына: ) “Хутчэй за ўсё гэта фільм антыбушаўскі, гэта палітыка, гульня супроць аднаго чалавека, яго каманды”.

Таксама агульнае ўражаньне – аналёгіі зь Беларусьсю. Нехта казаў пра падобныя маніпуляцыі з падлікам галасоў на выбарах, нехта – пра падобную карупцыю. На гэта студэнт з БДУ заўважыў, што дзякуючы Муру Амэрыка відаць наскрозь, а вось зь Беларусьсю рэнтген не атрымліваецца.

(Студэнт: ) “Мэдыі паказваюць толькі ўсё добрае, нічога дрэннае пра жыцьцё ў Беларусі па тэлебачаньні мы не бачым”.

“Фарынгайт 9/11” Майкла Мура будзе ісьці ў кінатэатрах Менску цягам трох дзён.
XS
SM
MD
LG