Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дырэктарка балтыйскага аддзяленьня Інстытуту Гэлапа тлумачыць, адкуль і як зьявілася лічба 48%


Юры Дракахруст, Прага Новая перадача сэрыі “Праскі акцэнт”.

На падставе гэтай лічбы дэманстранты на вуліцах Менску скандуюць: “Ён прайграў”. На гэтую лічбу спасылаецца Дзярждэпартамэнт ЗША ў ацэнцы беларускага рэфэрэндуму. “Вашынгтон пост” раіць грунтаваць на гэтай лічбе супольную пазыцыю Злучаных Штатаў і Эўразьвязу адносна афіцыйнага Менску.

Пэўна, нашыя слухачы ведаюць – пра што ідзе гаворка. Паводле выбарчага апытаньня, так званага экзыт-полу, праведзенага ў Беларусі Балтыйскім прадстаўніцтвам службы Гэлапа, прапанову Аляксандра Лукашэнкі на рэфэрэндуме падтрымалі 48.7% беларускіх грамадзянаў.

Госьць сёньняшняй “Экспэртызы Свабоды” – дырэктар Балтыйскага прадстаўніцтва службы Гэлапа Раса Алішаўскене.

(Дракахруст: ) “У мэмарандуме балтыйскага прадстаўніцтва службы Гэлапа, абнародаванага ўвечары 17 кастрычніка, я чытаю: “Канчатковы вынік рэфэрэндуму ў Беларусі – 48.7% насельніцтва, што мае права голасу, галасавала “за”. Удзел у папярэднім галасаваньні і галасаваньні ў нядзелю склаў 87.3%. На датэрміновым галасаваньні прагаласавалі “за” 13.3% ўсіх зарэгістраваных выбаршчыкаў. 35.4% ад усіх зарэгістраваных выбаршчыкаў прагаласавалі “за” ў нядзелю”.

Пад мэмарандумам – подпіс дырэктара Балтыйскага прадстаўніцтва Гэлапа Расы Алішаўскэне.

Спадарыня Алішаўскене, найперш у мяне пытаньне да лічбы яўкі, на падставе якой Вы рабілі ацэнку. У вас 87%, Цэнтарвыбаркам падае значна большы працэнт, паводле канчатковых вынікаў – больш за 90%.

Калі прыняць гэтыя афіцыйныя дадзеныя, то і доля тых, хто прагаласаваў “за” атрымліваецца больш. Ці не памыліліся Вы ў Вашай ацэнцы яўкі?

(Алішаўскене: ) “Мы з пачатку верасьня рабілі апытаньні наконт удзелу ў рэфэрэндуме: пыталі людзей, ці будуць яны галасаваць. Для канчатковай ацэнкі яўкі мы ўзялі самую высокую лічбу, якую атрымлівалі за ўвесь пэрыяд дасьледаваньняў. Падчас папярэдняга галасаваньня мы пыталі людзей, ці прагаласавалі яны ўжо і ці зьбіраюцца галасаваць, і калі так, то ў які дзень – у сераду, чацьвер, пятніцу, суботу ці ў нядзелю 17 кастрычніка, у дзень асноўнага галасаваньня. І зыходзячы з гэтых адказаў, мы падлічвалі электаральную актыўнасьць.

У дні датэрміновага галасаваньня было апытана 19 тысячаў чалавек. Гэта ня толькі тыя, хто ў гэтыя дні хадзілі галасаваць – такіх сярод іх аказалася каля 4 тысячаў – 21.3%. Гэтае дасьледаваньне падчас датэрміновага галасаваньня як раз і дазволіла ацаніць колькасьць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, і тых, хто меў намер пайсьці галасаваць 17 кастрычніка. Няма іншага спосабу, каб ацаніць яўку на выбары, акрамя як у апошнія дні вызначыць намеры, выкарыстоўваючы дакладную шкалу.

Мы бралі максімальную ацэнку яўкі, склаўшы колькасьць тых, хто адказаў, што галасаваў датэрмінова, з колькасьцю тых, хто адказаў, што пэўна пойдзе галасаваць, плюс колькасьць тых, хто адказаў, што можа пойдзе галасаваць, а можа і не.

Гэтая ацэнка і склала 87.3%.

Што да афіцыйнай лічбы яўкі, то можна меркаваць, што была пэўная падгонка лічбы грамадзянаў, што ўдзельнічалі ў выбарах, каб атрымаць большую долю тых, хто галасуе "за".”

(Дракахруст: ) “Спадарыня Алішўаўскене, 17 кастрычніка Вы апыталі на выхадзе з выбарчых участкаў у 20 акругах каля 18 тысячаў чалавек. У Вашым выніковым мэмарандуме я чытаю: “Паводле вынікаў экзыт-полу 17 кастрычніка 53.1% выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаваньні, прагаласавалі “за”, 28.55% галасавалі “супраць”, 1% сапсаваў бюлетэнь, 0.69% удзельнічалі толькі ў парлямэнцкіх выбарах, 16.63% не адказалі, як галасавалі”. У мяне пытаньне якраз паводле апошняй лічбы. Амаль 17% прагаласаваўшых не адказалі Вашым інтэрвіюерам. А можа частка зь іх насамрэч прагаласавала на рэфэрэндуме “за”? Тады ж і агульная канчатковая ацэнка павінна атрымацца большай?”

(Алішаўскене: ) “Калі б гэта было адзінае дасьледаваньне, было б цяжка вызначыць, як галасавалі тыя, хто адмовіўся адказваць на пытаньне. Але з прычыны складанасьці гэтага праекту і ўмоваў, у якіх праходзіў рэфэрэндум, мы пачыналі гэты праект значна раней, рабілі так званыя трэкінг-полы, апытвалі людзей кожны другі дзень увесь верасень, апытвалі, як я казала, падчас папярэдняга галасаваньня, і сачылі за дынамікай – ці ёсьць нейкія зьмены настрояў, як мяняецца колькасьць тых, хто не адказаў, як яны разьмяркоўваюцца па розных групах. І вызначылася цікавыя рэчы.

Падчас папярэдняга галасаваньня тых, хто не адказваў, як яны галасавалі, было больш, чым у дзень асноўнага галасаваньня 17 кастрычніка. Мы мяркуем, што прычына ў тым, што падчас папярэдняга галасаваньня мы апытвалі людзей дома, і яны часам баяліся, што будзе запісаны іх адрас. У дзень выбараў яны апытваліся на выхадзе з выбарчых участкаў, і ў іх узьнікала пачуцьцё большай ананімнасьці, яны адказвалі больш шчыра.

Правёўшы аналіз усіх апытаньняў, якія адбываліся і да галасаваньня, і пасьля галасаваньня, мы ўбачылі, што ня хочуць адказваць (наўпрост скажам – баяцца адказваць) тыя, хто насамрэч адказваў "супраць" на пытаньне рэфэрэндуму. Пры выхадзе з выбарчых участкаў нават частка тых, што галасаваў "супраць", маглі адказаць, што галасавалі "за" – з прычыны напружанасьці сытуацыі.

Аналіз 37 тысячаў інтэрвію падчас экзыт-полу плюс 12 тысячаў інтэрвію падчас папярэдняга трэкінг-полу дазволіў зрабіць выснову, што лічачы галасы "за", трэба грунтавацца на лічбе тых, хто пэўна адказаў, што галасаваў "за"”.

(Дракахруст: ) “У сваім аналізе электаральнай сытуацыі, зробленым па выніках папярэдніх дасьледаваньня, Вы пісалі, што несфальсыфікаваная перамога Лукашэнкі на рэфэрэндуме практычна неймаверная. У тым Вашым тэксьце напачатку кастрычніка праводзіліся дадзеныя апытаньняў – “за” 39%.

Я чытаў вашую справаздачу па выніках трэкінг-полаў, якія скончыліся літаральна за дзень да пачатку датэрміновага галасаваньня. Лічбавы вынік “за” зьмену Канстытуцыі 41% і яшчэ больш пэўная Ваша выснова – перамога Лукашэнкі (чэсная зразумела) амаль немагчымая.

І вось вынік Вашага ж канчатковага дасьледаваньня – экзыт-полу ўласна на выбарах – “за” 48.7%. Гэта – амаль перамога, амаль 50%. Чаму ж Лукашэнка ў сапраўднасьці амаль дасягнуў таго, што Вы называлі амаль немагчымым?”

(Алішаўскене: ) “Калі глядзець на актыўнасьць выбаршчыкаў і на тое, дзе людзі галасавалі больш актыўна на папярэднім і асноўным галасаваньні, то было бачна, што там, дзе адміністрацыйны рэсурс быў больш моцны, дзе былі выпадкі прывозу выбаршчыкаў на ўчасткі, дзе было больш магчымасьцяў рабіць на выбаршчыкаў ціск, там актыўнасьць і была большай. І гэтыя 48.7% у значнай ступені былі зробленыя за кошт папярэдняга галасаваньня. Клясычны экзыт-пол робіцца ў дзень асноўнага галасаваньня і папярэдняе галасаваньне ў такіх дасьледаваньнях не ўключаецца. Калі б мы абмежаваліся гэтым, мы б наагул атрымалі толькі 35% "за" ад усіх выбаршчыкаў.

Але каб адвесьці ўсялякія падазрэньні ў тым, што вынікі неяк заніжаныя, мы ўлічылі ўсе магчымыя крыніцы галасоў "За". Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што падчас папярэдняга галасаваньня доля тых, хто сказаў, што прагаласаваў "за", была вышэй, чым падчас галасаваньня ў нядзелю. Гэта хутчэй за ўсё тлумачыцца тым, што людзі менш свабодна маглі выказваць сваё меркаваньне падчас папярэдняга галасаваньня, было больш кантролю, некаторым даводзілася запаўняць бюлетэні не ў кабінах, а на вачах у прысутных на выбарчым участку. Гэта бачылі некаторыя з нашых інтэрвюераў, якія праводзілі апытаньні.

Як я ўжо сказала падчас дасьледаваньня ў дні папярэдняга галасаваньня мы задавалі людзям пытаньне ня толькі пра тое, ці пойдуць яны галасаваць у нядзелю, але і як яны будуць галасаваць. І што цікава – мы атрымалі амаль тую самую лічбу– 55% з тых, хто зьбіраўся ісьці галасаваць у нядзелю, адказвалі, што будуць галасаваць "за". І дасьледаваньне ў нядзелю цалкам гэта пацьвердзіла – атрымалася 53.1%. Гэта падвойная праверка. Два дасьледаваньні пацьвярджаюць тую ж лічбу”.

(Дракахруст: ) І нарэшце – распавядзіце, калі ласка пра Ваш цэнтар, колькі год вы існуеце, ці вы робіце дасьледаваньні толькі ў Літве або і за мяжой таксама? Ці даводзілася вам раней рабіць экзыт-полы і наколькі дакладнымі былі іх вынікі?”

(Алішаўскене: ) “Мы працуем амаль 14 гадоў у Літве, зьяўляемся прадстаўніцтвам усясьветнай сеткі Гэлап (Gallup Organization), працуем на ўсе тры краіны Балтыі, а таксама ў іншых краінах, праводзім і каардынуем дасьледаваньні ў Расеі, у Грузіі, у Казахстане, робім дасьледаваньні і да выбараў, і падчас выбараў і пасьля іх. І вынікі атрымліваюцца супастаўляльныя з тымі, якія агучваюцца цэнтарвыбаркамамі гэтых краінаў, у прынцыпе яны заўсёды супадалі з дакладнасьцю да 1-2% у залежнасьці ад выбаркі. Іншая справа, што з такімі тэхнічнымі магчымасьцямі, якія мы мелі ў Беларусі, мы праводзілі дасьледаваньне ўпершыню. У Беларусі мы мелі магчымасьць вельмі апэратыўна перадаваць і аналізаваць дадзеныя. Так што тут гэтае адхіленьне ад сапраўдных дадзеных было нават менш, чым у іншых краінах, бо была магчымасьць апытаць максымальную колькасьть рэспандэнтаў.

Якіх бы то ні было абвінавачваньняў ці сумневаў у сапраўднасьці нашых дасьледаваньняў па выбарах пакуль што ні ў воднай краіне не было”.
XS
SM
MD
LG