Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біскуп Вацлаў Малы: Эўропа ня можа забыцца на Беларусь


Сяргей Абламейка, Прага На чарзе міжканфэсійная перадача Сымбаль Веры. Сёньня ў ёй бярэ ўдзел адзін з кіраўнікоў Каталіцкай царквы ў Чэхіі, біскуп Прагі Вацлаў Малы. Зь ім гутарыць Сяргей Абламейка. Тэма гутаркі – актуальная сытуацыя ў Беларусі і грамадзкая актыўнасьць вернікаў.

Апошнія падзеі ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі прыцягнулі да яе ўсеагульную ўвагу. Пра Беларусь пішуць буйнейшыя выданьні сьвету, прэзыдэнт ЗША падпісаў адмысловы закон пад назвай “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Не застаюцца ўбаку ад гэтай увагі і замежныя царкоўныя гіерархі. На нашу просьбу аб інтэрвію з ахвотай адгукнуўся адзін з кіраўнікоў Каталіцкай царквы ў Чэхіі, біскуп Прагі Вацлаў Малы. Мы прапанавалі яму паразважаць на тэму аб грамадзкай актыўнасьці вернікаў у несвабодных дзяржавах. Найперш я спытаўся ў біскупа, ці павінен хрысьціянін, на яго думку, займаць актыўную пазыцыю ў грамадзкім жыцьці?

(Малы: ) "У грамадзкім жыцьці хрысьціянін павінен займаць адназначна актыўную пазыцыю. Для хрысьціяніна не існуе нейкая асобная беззаганная прастора, але цэлы сьвет зьяўляецца месцам Боскага клопату. Нельга падзяліць жыцьцё толькі на нешта чыстае, сьвятое і на сьвецкае, пошлае. Гэта азначае, што хрысьціянін павінен клапаціцца ня толькі пра сваё маральнае аблічча, ня толькі павінен старацца добра жыць (а гэта важна – жыць паводле Эвангельля), але адначасова гэтыя натуральныя жаданьні павінны спалучацца з клопатам грамадзкім. Ня можа быць хрысьціяніну абыякава, у якім асяродзьдзі ён жыве, як гэтае асяродзьдзе арганізавана і якая грамадзкая сыстэма пануе ў яго краіне. Хрысьціянін павінен быў бы ўзяць на сябе адказнасьць за арганізацыю таго грамадзтва, часткай якога ён зьяўляецца. Гэта пасланьне хрысьціяніна – зьмяняць грамадзтва такім чынам, каб яно жыло ў свабодзе і дазваляла духоўнае, душэўнае і цялеснае разьвіцьцё кожнай прыватнай асобы. Вернік – гэта ня толькі член царквы, але адначасова і грамадзянін сваёй дзяржавы. І гэта яшчэ адзін аргумэнт на карысьць думкі, што хрысьціянін павінен займаць у грамадзкім жыцьці актыўную пазыцыю".

(Абламейка: ) “Як мае хрысьціянін паводзіцца ў несвабодных грамадзтвах, напрыклад, у аўтарытарных ці таталітарных рэжымах?”

(Малы: ) "Хрысьціянін можа сказаць: "Мне гэта ўсё роўна. Я магу браць удзел у багаслужбах, магу чытаць Біблію..." Але сытуацыя, калі ў несвабодзе жыве нехта з суайчыньнікаў, павінна была б апякаць хрысьціянскую душу. Тады сам чалавек ня можа радавацца, калі ён карыстаецца большай свабодай, чым яго сусед ці суграмадзянін. Гэта значыць, што хрысьціянін павінен шукаць шляхоў, як зьмяніць аўтарытарную ці таталітарную сыстэму, і перш за ўсё, лавіць такую сыстэму на ілжы і сьведчыць аб гэтым. Трэба шукаць шляхі, каб закон распаўсюджваўся на ўсіх, і каб яго ўсе паважалі. Трэба бараніць правы тых, каго перасьледуюць. Канкрэтныя шляхі рэалізацыі гэтага ўсеагульнага абавязку могуць быць розныя. Хрысьціянін можа ўдзельнічаць у грамадзянскіх ініцыятывах, у праваабарончых, экалягічных ці міралюбных арганізацыях. Хрысьціянін можа браць удзел у стварэньні і распаўсюджваньні самвыдату, а можа і браць удзел у некаторых апазыцыйных партыях. Галоўнае, каб хрысьціянін сапраўды дбаў аб сытуацыі, шукаў інфармацыю, правяраў яе праўдзівасьць і пашыраў далей. Так што, як бачым, для кожнага хрысьціяніна ёсьць шырокае поле для дзейнасьці ў аўтарытарнай ці таталітарнай сыстэме. Натуральна, гэта не заўсёды прынясе прыемнасьць ці задавальненьне, хутчэй – перасьлед. Але калі верым Эвангельлю, дык памятаем, што наш Госпад таксама ня ішоў лёгкай дарогай падчас свайго зямнога вандраваньня – Ён таксама спатыкаўся і падаў. Я думаю, што Эвангельле нас заклікае, каб мы дзеля свабоды іншых людзей маглі нечым ахвяраваць".

(Абламейка: ) “Што рабіць хрысьціянам, калі ім не дазваляюць будаваць свае храмы і перашкаджаюць у рэгістрацыі грамадаў?”

(Малы: ) "Хрысьціяне павіны няспынна зьвяртацца ў адпаведныя органы і даводзіць, што сытуацыя не адпавядае дэмакратычным і гуманітарным нормам. Пры нагодзе і арганізаваць пратэсты, прычым ня толькі ў пісьмовай форме, але ў форме сходаў, збору подпісаў у падтрымку таго ці іншага законнага патрабаваньня. Хрысьціянін таксама павінен пашыраць інфармацыю аб гэтым ня толькі ў сваім коле і сваёй краіне, але і, калі можна, за мяжой. Часта замежнікі вельмі кепска інфармаваныя аб сытуацыі ў краіне, дзе яшчэ пануе таталітарны або аўтарытарны рэжым. Ёсьць акрэдытаваныя замежныя карэспандэнты – трэба старацца зь імі кантактаваць. Або нават шукаць кантакту з замежнымі дыпляматамі, бо дыпляматычныя прадстаўніцтвы часта атрымваюць інфармацыю толькі з афіцыйных уладных крыніцаў. Добра таксама шукаць кантакту зь людзьмі, якія пасьля могуць дапамагчы ў пашырэньні аб''ектыўнай інфармацыі аб цяжкасьцях, зь якімі хрысьціяне сустракаюцца ў той ці іншай краіне. Так што такіх магчымасьцяў вельмі шмат. Трэба толькі не забывацца, што на гэтым шляху можа сустрэцца шмат перашкодаў. Але нягледзячы на гэта, як сьведчыць і мой асабісты вопыт да 1989 году, такія захады спрацоўваюць. Бо кожны рэжым, нават самы жорсткі, на пратэсты міжнароднай супольнасьці і націск зь яе боку пачынае рэагаваць, нават калі публічна ў гэтым не прызнаецца".

(Абламейка: ) “Калі на вачах у хрысьціяніна дыктатарскі рэжым фальсыфікуе выбары, што ён мае рабіць – закрываць вочы на гэта ці пратэставаць?”

(Малы: ) "Хрысьціянін павінен пратэставаць. З усімі людзьмі добрай волі, якія дбаюць аб дэмакратыі і аб свабодзе для кожнага, хрысьціянін павінен ствараць адпаведны грамадзянскі націск на урадоўцаў, якія маніпулююць галасамі і фальсыфікуюць вынікі выбараў. Хрысьціянін, паўтараю, ня можа ў гэтым выпадку сказаць сабе, маўляў, я маю сваю прастору, а ўсё астатняе мяне не датычыць. Хрысьціяніна павінна тычыць уся рэчаіснасьць, часткай якой ён зьяўляецца. А гэта – ня толькі рэчаіснасьць веры, але і бягучае, паўсядзённае жыцьцё грамадзтва".

(Абламейка: ) “Як каталіцкі біскуп, колішні дысыдэнт і падпісант Хартыі-77, што б Вы параілі рабіць сьвятарам і вернікам у той сытуацыі, якая ёсьць цяпер у Беларусі?”

(Малы: ) "Я не хацеў бы даваць парады, бо сытуацыя ў кожнай краіне спэцыфічная, і найлепш ацаніць яе могуць толькі людзі, якія ў ёй жывуць. Але ўсё ж думаю, што вельмі важна для сьвятароў і вернікаў, каб шукалі кантакту зь людзьмі добрай волі, нават калі яны не належаць да царквы. А такіх людзей заўсёды знойдзецца дастаткова. Адначасова, патрэбнае лепшае экумэнічнае супрацоўніцтва і ўзгодненыя паводзіны ўсіх хрысьціянаў. Бо калі кожны сьвятар або вернік скажа, маўляў, я буду бараніць правы толькі сваёй царквы або сваёй парафіі, сваёй грамады ці малітоўнага дому, гэта аб''ектыўна будзе на карысьць уладам. Бо яны заўсёды кіруюцца лёзунгам "Падзяляй і пануй". Найлепшай зброяй ёсьць пошук пунктаў супадзеньня, на якіх мы можам аб''яднацца зь іншымі вернікамі, а нават і зь ня веруючымі людзьмі. Пра гэта гаворыць і мой асабісты вопыт – трэба супрацоўнічаць зь людзьмі добрай волі і з хрысьціянамі іншых цэркваў".

(Абламейка: ) “Вы раней ужо наведвалі Беларусь. Якія ў вас засталіся ўражаньні і ці зьбіраецеся паехаць туды зноў?”

(Малы: ) “Я з радасьцю ўспамінаю сваю леташнюю паездку ў Беларусь. Не магу сказаць, што дасканала спазнаў усю беларускую рэчаіснасьць, але мне давялося сустрэцца і пагаварыць зь вялікай колькасьцю людзей – як з царкоўных колаў, гэтак і з асяродзьдзя грамадзянскіх ініцыятываў. Сустракаўся таксама і зь некаторымі прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў. Вялікае ўражаньне зрабілі на мяне старыя жанчыны ў адным горадзе, якія вырашылі ініцыяваць будаўніцтва каталіцкага касьцёла. Я хацеў бы падкрэсьліць, што неперарыўнасьць веры ў Беларусі – якраз заслуга такіх бабуляў. Гэтыя жанчыны часта мелі праблемы нават ва ўласных сем''ях з-за таго, што не зракліся Хрыста і Эвангельля. Я глыбока схіляю галаву перад тымі жанчынамі. Сустрэча зь імі для мяне – вялікае перажываньне і ўражаньне на ўвесь астатак майго жыцьця.

У Беларусі я таксама сустрэўся з тым, што ў беларусаў адбіраюць іх нацыянальную ідэнтычнасьць, якая ня мае нічога агульнага з шавінізмам ці нацыяналізмам. Я таксама з удзячнасьцю адзначаю, што Каталіцкая царква стараецца служыць набажэнствы на беларускай мове, дапамагаючы тым самым паглыбляць нацыянальную ідэнтычнасьць.

Вялікае ўражаньне на мяне зрабіла і наведваньне раёнаў, прылеглых да вялікага гораду Гомеля і заражаных радыяцыяй у выніку катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Там я таксама размаўляў зь людзьмі, і мяне шмат што ўразіла. Напрыклад, у якіх умовах тыя людзі жывуць – амаль забытыя, амаль ізаляваныя ад астатняга сьвету. На гэта я таксама ніколі не забуду і лічу, што аб тых людзях і ўмовах іх жыцьця трэба гаварыць болей.

Вельмі прыемнае ўражаньне маю і ад сустрэчаў зь некаторымі журналістамі, якім даваў інтэрвію. Пакінулі добрае ўражаньне і некаторыя юрысты, што дапамагаюць людзям, даюць ім кансультацыі і парады, як сябе абараняць. Думаю, што гэта вельмі патрэбная справа. Я таксама меў магчымасьць сустрэцца зь некаторымі прадпрымальнікамі, бо ведаю, што прыватнае прадпрымальніцтва ў Беларусі сустракаецца з шэрагам перашкодаў. Наогул, я маю вельмі шмат розных уражаньняў з вашай краіны і магу сказаць, што Беларусь – гэта ня тая шэрая краіна, якой яна можа паказацца зь інфармацыі замежнага друку. Там жыве шмат адказных і добрых людзей, якія дбаюць аб дэмакратыі і свабодзе на сваёй зямлі. Я быў бы рады зноў некалі наведаць Беларусь, бо разумею, што мы, як эўрапейцы, ня можам тут, у Чэскай Рэспубліцы, глядзець толькі на краіны на захад ад нашай мяжы, на краіны, што маюць вышэйшы жыцьцёвы ўзровень. Калі мы гаворым аб Эўропе (а тое, што Беларусь належыць да Эўропы – гэта несумненна), дык мусілі б болей дбаць аб гэтай краіне і падтрымваць там усіх людзей добрай волі”.

Я дзякую біскупу Прагі Вацлаву Маламу за інтэрвію. Застаецца дадаць, што гэты 53-гадовы каталіцкі гіерарх зьяўляецца вядомым дысыдэнтам часоў камуністычнага панаваньня ў Чэхаславаччыне. Камуністычная служба дзяржаўнай бясьпекі шмат разоў яго арыштоўвала, яго катавалі на допытах. Вацлаў Малы стаў адным з падпісантаў славутай Хартыіі-77. У 2000 годзе ён стаў ляўрэатам Эўрапейскай прэміі правоў чалавека. У канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Чэхіі ён якраз курыруе правы чалавека. У 2003 годзе біскуп Вацлаў Малы прыяжджаў у Беларусь з тыднёвым візытам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG