Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ абвяргае інфармацыю агенцтва “Associated Press” аб тым, што старшыня КГБ Ерын быў звольнены


Любоў Лунёва, Менск Прэсавы сакратар беларускага КГБ Ю.Базанаў абвяргае інфармацыю агенцтва навінаў “Associated Press” аб тым, што старшыня КГБ Леанід Ерын быў звольнены са сваёй пасады. Ён настойвае на тым, што спадар Ерын папросту пайшоў у адпачынак, бо з-за выбарчай кампаніі вымушаны быў яго перарваць.

Прэсавы сакратар беларускага КГБ паведаміў, што за апошнія двое сутак шмат расейскіх і беларускіх журналістаў тэлефанавалі ў прэсавую службу наконт пацьвярджэньня інфармацыі аб звальненьні шэфа беларускага КГБ Леаніда Ерына.

(Базанаў: ) “Сёньня ён быў. Але зь сёньняшняга дня ён ідзе ў адпачынак. У нас з-за рэфэрэндуму хто не дагуляў, намагаюцца пайсьці ў адпачынак… Адпачыць, у каго што засталося. Таму нічога пакуль не зьмянілася. За чуткі мы не адказваем. Мы адказваем толькі за факты. А факты сьведчаць на тое, што нічога не зьмянілася. Ягоны статус не зьмяніўся. Я хачу нагадаць, што для тых хто прайшоў Аўганістан, Чарнобыль – у іх адпачынак 65 сутак. Таму ніхто й не дае нам афіцэрам браць адпачынак цалкам”.

Нагадаем, што падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў рэфэрэндуму 18 кастрычніка, калі дэманстранты падышлі да будынку КГБ і скандавалі лёзунгі: “Ганьба!”, “КГБ, вярні людзей!”, да іх выйшаў старшыня КГБ Леанід Ерын. Ён запрасіў да сябе некалькіх журналістаў і лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца.

Спадар Ерын 40 хвілінаў адказваў на пытаньні журналістаў, якія тычыліся ў прыватнасьці справы Міхаіла Марыніча, справаў зьніклых палітыкаў. Сярод іншага прагучала фраза:

(Ерын: ) “Паверце, вы яшчэ шмат чаго ня ведаеце. Так, мы можам сказаць, але час яшчэ не надышоў”.

У часе тае сустрэчы Леанід Ерын сам распавёў наконт таго, што КГБ займаецца праслухоўваньнем прыватных размоваў грамадзянаў:

(Ерын: ) “Учора тэлефанаваў спадар Нямцоў і гаварыў што трэба рабіць і – як. Мы ўсё праслухоўваем”.

А таксама гаварыў пра фінансаваньне апазыцыі:

(Ерын: ) “У Лябедзькі сёньня, прабачце, і 500 даляраў няма. Няма ў яго такіх грошай. Ён хацеў бы вам заплаціць. Вось вы ў мяне сядзіце, а колькі вы заўтра атрымаеце? Колькі вам паабяцалі? 200$, 500$? Я вось вам магу дастаць з уласнай кішэні”.
XS
SM
MD
LG