Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьверты дзень запар людзі выходзяць на акцыю пратэсту супраць вынікаў рэфэрэндуму


Валер Каліноўскі, Менск На Кастрычніцкую плошчу ў Менску моладзь ізноў выйшла сёньня ўвечары пратэставаць супраць вынікаў рэфэрэндуму. Несанкцыянаваная акцыя доўжылася каля 40 хвілінаў, пакуль шэрагі амонаўцаў ня выціснулі іх з плошчы.

Удзельнікі акцыі сталі ў ланцуг з антыпрэзыдэнцкімі транспарантамі, сьцягамі Эўразьвязу, партрэтамі зьбітага міліцыяй Анатоля Лябедзькі, а таксама Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля ды іншых актывістаў апазыцыі, асуджаных за ўдзел у папярэдніх акцыях пратэсту.

Лідэр незарэгістраванай партыі Свабоды Сяржук Высоцкі сказаў, што менавіта салідарнасьць з названымі людзьмі прывяла яго на Кастрычніцкую плошчу зноў.

(Высоцкі: ) “Пазыцыя нацыянальнай салідарнасьці і ўласнага сумленьня. Любая акцыя пратэсту мае сэнс, яна абуджае людзей, зьнішчае страх. Да таго ж тутака ідзе гаворка пра маіх сяброў, людзей, якія падзяляюць ідэі беларускага супраціву”.

На акцыю супраць вынікаў рэфэрэндуму сёньня прыйшло каля паўсотні чалавек, значна меней, чым у мінулыя дні. “Прычына, відаць, у страху, які запанаваў цяпер у дзяржаве”, – мяркуе адзін з удзельнікаў сёньняшняй акцыі Андрэй Саньнікаў.

(Саньнікаў: ) “Тут цяпер ня лідэры апазыцыі кіруюць, а людзі, моладзь, таму трэба падтрымліваць. Страх непазьбежны, і я не чакаў, што выйдзе шмат людзей, але ж шмат людзей назірае за тым, што адбываецца, шмат людзей асэнсоўвае”.

Міліцыя папярэджвала ўдзельнікаў акцыі:

(Голас з мэгафона: ) “Да вас, магчыма, будзе прымененая фізычная сіла, і вы будзеце прыцягнутыя да адказнасьці. На разыходжаньне вам – 10 хвілін”.

Міліцыя канфіскавала транспаранты, а ўсіх, хто стаяў у ланцугу, шэрагі амонаўцаў “расьсеялі” ў найбліжэйшых вуліцах.

Затрыманых гэтым разам не было.
XS
SM
MD
LG