Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца назіральнай місіі АБСЭ: “Мы прыехалі сюды як цалкам нэўтральныя, аб’ектыўныя назіральнікі”


Юры Сьвірко, Менск У чацьвер кіраўніца назіральнай місіі АБСЭ амбасадарка Одры Главэр наведала МЗС Беларусі – якраз у той час, калі прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных казаў на брыфінгу, што гэтая місія стала інструмэнтам у палітычнай гульні, скіраванай супраць Беларусі. Спадарыня Главэр пракамэнтавала гэтую ацэнку ў інтэрвію Радыё Свабода.

Рэагуючы на заявы прадстаўнікоў Эўразьвязу й дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Хаўера Саляны й Рычарда Баўчара, прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных заявіў, што іх спасылкі на нэгатыўныя ацэнкі міжнародных назіральнікаў маюць яскрава выражаны аднабокі характар. Паводле спадара Савіных, у заявах з Захаду “сьвядома замоўчваюцца шырока абнародаваныя пазытыўныя ацэнкі выбараў і рэфэрэндуму з боку місіі назіральнікаў ад СНД, а таксама незалежных назіральнікаў з розных краінаў сьвету, у тым ліку з ЗША й шэрагу дзяржаваў-сяброў Эўразьвязу”.

Кажучы пра назіральную місію АБСЭ, Андрэй Савіных заявіў, што яе кіраўніцтву й сябрам “давялося працаваць ува ўмовах непрыкрытага ціску з боку ЗША ды Эўразьвязу з мэтай забясьпечыць загадзя падрыхтаваную ацэнку вынікаў выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі”.

Выйшаўшы з залі брыфінгу, я ўбачыў на ўваходзе ў беларускае МЗС кіраўніцу назіральнай місіі АБСЭ Одры Главэр, якая таксама выходзіла зь міністэрства. На просьбу пракамэнтаваць абвінавачаньні, толькі што выказаныя спадаром Савіных, яна адказала гэтак:

(Главэр: ) “Мы прыехалі сюды як цалкам нэўтральныя, аб’ектыўныя назіральнікі, і гэта тая пазыцыя, якую мы ўвесь час займалі. Я ня ведаю, што яны сказалі, таму не магу пракамэнтаваць”.
XS
SM
MD
LG