Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вечарыне ў Маскве гучалі прызнаньні ў любові да Васіля Быкава і дэмакратычнай Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Маскве ў Цэнтральным доме літаратара адбылася вечарына, прысьвечаная Васілю Быкаву, якую ладзіў Саюз пісьменьнікаў Масквы. Тым часам у Дзяржаўным літаратурным музэі Расеі адкрылася фотавыстава пра жыцьцё й творчасьць Алеся Адамовіча.

Гэты год шмат хто як у Беларусі, так і ў Расеі называе годам Васіля Быкава. Вечарына ў Маскве была прымеркаваная да 80-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка й да гадавіны ягонай сьмерці. Расейскія літаратары вырашылі ўшанаваць памяць Быкава. Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Масквы Рыма Казакова:

(Казакова: ) “Быкаў – гэта шмат у чым сымбаль Беларусі, сапраўднай, глыбокай, якая зьвязаная з цудоўнай беларускай мовай, беларускім мэнталітэтам, для якога характэрна чысьціня думак, сумленнасьць, дабрыня. Я вельмі люблю Быкава, у няпростых пытаньнях ён зьяўляецца вэктарам, які накіроўвае нашыя ўчынкі й нашае разуменьне сучаснасьці”.

Апрача ўдавы Васіля Быкава, у вечарыне ўзяла ўдзел пісьменьніцкая дэлегацыя зь Беларусі: Генадзь Бураўкін, Анатоль Кудравец, Алесь Пашкевіч і Міхась Скобла.

Генадзь Бураўкін адзначыў, што маскоўская вечарына, на якой выступілі вядомыя расейскія літаратары, мела вельмі шчырую й сяброўскую атмасфэру.

(Бураўкін: ) “Адпаведна, як нельга адарваць ад Васіля Беларусі, так нельга адарваць Васіля ад сёньняшняга нашага жыцьця, ад сёньняшніх праблем, ад сёньняшніх трагедыяў Беларусі. Таму гэта было адно з другім зьвязана, адно з адным непарыўна сплецена”.

Паводле пісьменьніка Алеся Пашкевіча, нягледзячы на дрэннае надвор’е, заторы на маскоўскіх дарогах, заля Цэнтральнага дому літаратара была поўная аматараў творчасьці Васіля Быкава.

(Пашкевіч: ) “Гучалі вельмі шчырыя прызнаньні, нават споведзі, прызнаньні ў любові ня толькі да Васіля Ўладзімеравіча, але й да Беларусі, Беларусі дэмакратычнай. Мы і ў Маскву ехалі з настроем адпаведным пасьля ўсіх падзеяў, як зь перадавой своеасаблівай, але разумеем, што Масква інтэлектуальная, творчая, інтэлігенцкая падтрымлівае беларусаў ня толькі на франтах літаратурных, але й на франтах грамадзкіх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG