Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўпершыню афіцыйна наведаў галоўны каталіцкі храм Беларусі й выказаў жаданьне зноў наведаць храм на Каталіцкія каляды


Галіна Абакунчык, Менск У дзень 90-годзьдзя кардынала Казіміра Сьвёнтка Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з Канфэрэнцыяй каталіцкіх біскупаў. У менскім Архікатэдральным касьцёле імя найсьвяцейшай панны Марыі адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі зь сябрамі Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Гэта першы афіцыйны візыт кіраўніка краіны ў галоўны каталіцкі храм Беларусі, які адбыўся ў дзень 90-гадовага юбілею кардынала Казіміра Сьвёнтка.

Удзел у сустрэчы браў віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын, мэр Менску Міхаіл Паўлаў, а таксама іншыя прадстаўнікі дзяржавы і касьцёлу. Паводле афіцыйных паведамленьняў, падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што дзяржава будзе падтрымліваць рымска-каталіцкую царкву, а таксама прыцягваць да ўсіх працэсаў, які адбываюцца ў грамадзтве.

Што гэта азначае на практыцы, чыноўнікі патлумачыць адмаўляліся. Да прыкладу, вось што сказаў адзін з удзельнікаў гэтай сустрэчы, кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко:

(Буко: ) “О, Радыё Свабода. Я чалавек афіцыйны, дзяржаўны і даю інтэрвію толькі дзяржаўным СМІ”.

Таксама адмовіліся ад камэнтароў і ў касьцёле, але сваімі ўражаньнямі ад візыту Аляксандра Лукашэнкі падзяліліся вернікі:

(Спадарыня: ) “Заўсёды, калі ён заходзіў у царкву, я так раўніва глядзела на гэта. А цяпер мы шчасьлівыя, што да нас зайшоў Лукашэнка. Дзякуй яму”.

У гэты ж дзень у гонар 90-годзьдзя кардынала ў катэдры адбылося ўрачыстае набажэнства з удзелам шматлікіх вернікаў. Пра Казіміра Сьвёнтка ў інтэрвію Свабодзе людзі казалі гэтак:

(Спадарыня: ) “Гэта чалавек, які сапраўды варты ўсялякага шанаваньня й павагі. Бо ён трываў такія жыцьцёвыя пакуты: ён жа быў рэпрэсаваны, быў у лягеры. І не зважаючы ні на што, ён зьбярог сваю веру і перадаў яе нам. Дзякуй яму за гэта”.

Паводле афіцыйных зьвестак, рыма-каталікамі сябе называюць 14% ад агульнай колькасьці вернікаў Беларусі. Сёньня ў краіне дзейнічаюць 419 касьцёлаў, і 45 знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва ці рэстаўрацыі.

***

І яшчэ некалькі заяваў, якія зрабіў прэзыдэнт Беларусі падчас гэтай сустрэчы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсьліў, што Рыма-Каталіцкая царква садзейнічае падтрыманьню спакою і стабільнасьці ў краіне. "У тым, што ў нас усё ціха і спакойна, вялікая заслуга ўсіх нашых канфэсіяў, і найперш, асноўных: праваслаўя і каталіцтва", -- адзначыў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што найбліжэйшым часам будуць выдаткаваныя сродкі на рэстаўрацыю фрэсак ў Архікатэдральным касьцёле імя найсьвяцейшай панны Марыі ў Менску. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў жаданьне пабываць тут на каталіцкія каляды і зрабіць добрай традыцыяй наведваньне ў калядныя сьвяты як праваслаўнага храма, гэтак і каталіцкага касьцёлу. Ён заявіў, што мае намер часьцей сустракацца з каталіцкімі сьвятарамі, каб ведаць, чым жыве адна з асноўных у краіне канфэсіяў.

***

Гл. таксама сёньняшнюю перадачу "Сымбаль Веры", у якой бярэ ўдзел адзін з кіраўнікоў Каталіцкай царквы ў Чэхіі, біскуп Прагі Вацлаў Малы: • Біскуп Вацлаў Малы: Эўропа ня можа забыцца на Беларусь
XS
SM
MD
LG