Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новыя арышты ў Менску за ўдзел у пратэстах супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня


Любоў Лунёва, Менск Зьмітра Бародку, сябра Эўрапейскай кааліцыі, Цэнтральны суд пакараў арыштам на 15 сутак, а Зьмітра Вайтко — на 10. Іх абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу апазыцыі 20 кастрычніка.

Зьміцер Вайтко прыехаў на мітынг з Маладэчна, у судзе ён казаў, што зрабіў гэта сьвядома, каб выказаць свой пратэст супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Паколькі яго затрымалі першы раз, судзьдзя пакараў яго арыштам на 10 сутак. Гэта максымальны тэрмін пакараньня паводле першай часткі 167 артыкулу (парушэньне грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Сябра Эўрапейскай кааліцыі, каардынатара руху “Зубр” у Барысаве Зьмітра Бародку судзілі за ўдзел у апазыцыйных акцыях не ўпершыню. На Кастрычніцкай плошчы ён выступаў перад людзьмі, карыстаючыся мэгафонам. І міліцыянты зрабілі выснову, што ён — адзін з арганізатараў акцыі пратэсту. У часе затрыманьня Зьмітра зьбілі з ног і цягнулі ў аўтобус па зямлі. Вось што ён распавёў у судзе:

(Бародка: ) “Ну, у аўтобусе трохі далі… Шкада, куртку парвалі. 20 кастрычніка мы выйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Гэта быў стыхійны пратэст. Я ўпэўнены, што і далей акцыі пратэсту будуць працягвацца, нагледзячы на такія шматлікія рэпрэсіі. На Акрэсьціна мы перасекліся з тымі, каго затрымалі на суткі раней — зь Міколам Статкевічам, Пашам Севярынцам ды іншымі ўдзельнікамі. Потым іх падзялілі на групы і па розных камэрах “растусавалі”. Яны былі вельмі рады, што пратэст працягваецца, былі вельмі ўсхваляваныя. Адбылася шчырая сустрэча ў камэры”.

15 сутак арышту — такое пакараньне вынес Цэнтральны суд Зьмітру Бародку. Ён спакойна ўспрыняў судовы прысуд:

(Бародка: ) “Сапраўды, гэтыя арышты наўрад ці напалохаюць каго. Я гэта ўчора адчуў па той пазытыўнай атмасфэры, якая панавала ў камэры. Людзі не разгубленыя, людзі не запалоханыя. Людзі гатовыя працягваць гэты пратэст”.

Сёньня на Кастрычніцкай плошчы а 18-й зноў зьбяруцца людзі. Сябры Зьмітра Вайтка і Зьмітра Бародкі ў судзе казалі ім, што пойдуць на плошчу і, магчыма, хутка сустрэнуцца зь імі ў камэры.
XS
SM
MD
LG