Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька па-ранейшаму знаходзіцца ў менскім шпіталі хуткай дапамогі, але адчувае сябе лепш


Альгерд Невяроўскі, Менск Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які знаходзіцца ў менскім шпіталі хуткай дапамогі, гаворыць, што стан яго здароўя паступова паляпшаецца. Тым часам актывісты “Зубра” і родныя арыштаваных апазыцыянэраў перадаюць ім у спэцпрыёмнік на Акрэсьціна ежу, цёплыя рэчы й сьвежыя газэты.

Зьбіты амонаўцамі падчас разгону дэманстрацыі апазыцыі ў Менску 19 кастрычніка старшыня АГП Анатоль Лябедзька па-ранейшаму знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі. Вось што ён сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Лябедзька: ) “Самае галоўнае — мяне запэўнілі, што нейкіх разрываў унутраных органаў няма. Ёсьць гематома ныркі, да сёньня яшчэ галава кружыцца. Гэта асноўнае. Баляць плечы, шыя, але нічога ўнутры не паламалі”.

Лідэр АГП падрыхтаваў заяву ў пракуратуру Ленінскага раёну Менску з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці амонаўцаў, якія яго зьбілі. Але ён ня вельмі спадзяецца, што пракуратура давядзе гэтую справу да канца. Анатолю тэлефанавалі дэпутаты Эўрапарлямэнту, вядомы расейскі палітык Барыс Нямцоў, амэрыканскія палітыкі, журналісты, многа людзей зь Беларусі. Спадар Лябедзька гаворыць, што словы падтрымкі для яго — самы галоўны лек.

Лідэр АГП выказвае падзяку тым, хто штодня выходзіць з акцыямі пратэсту на Кастрычніцкую плошчу Менску. Але ён гаворыць, што цяпер галоўная задача апазыцыі — растлумачыць кожнай беларускай сям’і, што 17 кастрычніка ўлада іх падманула.

У менскім спэцпрымальніку на Акрэсьціна цяпер знаходзяцца 34 чалавекі, асуджаныя за удзел у акцыі пратэсту. 21 кастрычніка перадачу ім прынесла жонка лідэра “Народнай грамады” Міколы Статкевіча Валянціна. Вязьняў падтрымлівае і рух “Зубр”. Гаворыць прэсавы сакратар гэтага руху Алесь Атрошчанкаў:

(Атрошчанкаў: ) “Мы перадаем ім перадачы, таксама газэты, каб людзі не адчувалі сябе адарванымі ад жыцьця. Аб ведалі, што за іх змагаюцца людзі на волі, каб не адчувалі сябе кінутымі”.

“Зубры” ды іншыя апазыцыянэры будуць падтрымліваць сваіх сяброў увесь час іх знаходжаньня ў турме.
XS
SM
MD
LG