Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі зрабіла запыт у МУС наконт зьбіцьця расейскіх тэлежурналістаў у Менску і асудзіла камэнтары іх маскоўскіх калегаў


Юры Сьвірко, Менск Тэлеканал НТВ запатрабаваў пакараць вінаватых у нападзе на сваіх супрацоўнікаў у Беларусі. У чацьвер тэлекампаніям Расеі зноў далі магчымасьць пераганяць відэаматэрыялы ў Маскву зь Менску.

Расейская тэлекампанія НТВ распаўсюдзіла заяву з нагоды зьбіцьця сваіх карэспандэнтаў у Менску, дзе гаворыцца: “Мы зьвяртаемся да беларускіх уладаў з патрабаваньнем расьсьледаваць інцыдэнт і пакараць вінаватых”. Шэф-рэдактарка праграмы НТВ “Сегодня” Алена Савіна заявіла:

“Апэратар Канстанцін Марозаў лёгка паранены. Яго і карэспандэнта Віктара Кузьміна выклікалі ў беларускі КГБ і сказалі, што асабіста да іх прэтэнзіяў няма — ёсьць толькі да тэлеканалу НТВ”. Паводле спадарыні Савінай, НТВ спадзяецца, што зноў бюро НТВ у Беларусі ўлады не закрыюць.

Прэсавая сакратарка НТВ Марыя Безбародава заявіла Радыё Свабода, што ні кампанія, ні яе зьбітыя супрацоўнікі пакуль новых крокаў рабіць ня будуць і таму ніякіх скаргаў беларускім уладам не паступала:

(Безбародава: ) “Не, пакуль не — толькі наша заява. Не паступала, таму што яны працягвалі працаваць пасьля гэтага далей”.

Гэта ж пацьвердзіў і ўласны карэспандэнт НТВ у Беларусі Віктар Кузьмін, які таксама паведаміў Радыё Свабода, што ў чацьвер менскі офіс тэлекампаніі “Мір” зноў даў магчымасьць расейскім тэлекампаніям пераганяць відэаматэрыялы ў Маскву зь Менску.

(Кузьмін: ) “У другой палове дня сёньня дазволілі ўсё. Нічым не тлумачылі — “тэхнічныя няспраўнасьці апаратуры”.

Апрача самой кампаніі НТВ, зьбіцьцём журналістаў у Менску зацікавілася расейскае дыпляматычнае ведамства. Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных паведаміў на брыфінгу, які сярод іншых здымаў тэлеапэратар Канстанцін Марозаў, што ў Менску атрымалі ноту МЗС Расеі з нагоды інцыдэнту з расейскімі журналістамі. “У сваю чаргу мы запыталі ўсю інфармацыю, якая ёсьць, у МУС Беларусі”, — сказаў спадар Савіных і дадаў: “Сытуацыя будзе пільна прааналізаваная праваахоўнымі органамі. Пасьля гэтага на адрас расейскага замежнапалітычнага ведамства будзе накіраваны адпаведны дакумэнт”.

Разам з тым, беларускае МЗС адзначыла, што “за апошнія дні шэраг расейскіх каналаў скрайне недружалюбна, тэндэнцыйна асьвятляў падзеі ў Беларусі”. Прэсавая сакратарка НТВ Марыя Безбародава сказала Радыё Свабода, што рэагаваць на гэта ня будзе, бо НТВ у гэтай заяве не назвалі. А спадар Савіных зазначыў, што камэнтары маскоўскіх журналістаў былі “неаб’ектыўнымі, абражальнымі, мелі адкрыта скандальны й правакацыйны характар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG