Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто забіў журналістку газэты “Салідарнасьць” Вераніку Чаркасаву?


Ігар Карней, Менск У Менску забітая журналістка Вераніка Чаркасава. Апошнім часам яна працавала ў штотыднёвіку “Салідарнасьць”, а дагэтуль — у “Белорусской газете”, “Белорусской деловой газете” і газэце “Имя”. Каму перашкаджала журналістка і хто ўчыніў жорсткае забойства?

Вэрсія палітычнага забойства пакуль не разглядаецца. Апошнія гады Вераніка Чаркасава працавала над сацыяльнымі нарысамі, асьвятляла тэмы культуры. Блізкі сябра Веранікі, журналіст Леанід Міндлін, быў запрошаны ў якасьці панятога, і кажа, што падобнае забойства мог учыніць толькі вар’ят.

(Міндлін: ) “З таго, што я бачыў — зразумела, што гэта рабіў чалавек у стане нейкага афэкту ці вар’ят, гэта абсалютна дакладна. Бо гэта проста страшна. Болей за дваццаць нажавых раненьняў: са сьпіны, сьпераду, горла перарэзанае. Нават тырчэў паламаны кавалак нажа бяз тронку, тронак адламаўся. Вэрсіі могуць быць розныя. Але нармалёвы чалавек гэтага не зрабіў бы… Калі б яна займалася журналісцкімі дасьледаваньнямі?.. Але якраз апошнім часам яна гэтым не займалася. У “БДГ”, “Белорусской газете” штосьці падобнае рабіла, але гэта было досыць даўно. Прынамсі, калі хтосьці хацеў бы зь ёй высьветліць адносіны — то, пэўна, не такім чынам”.

Вераніцы Чаркасавай было 45 гадоў, у яе застаўся 14-гадовы сын. Родныя цяпер баяцца, каб убачанае не адбілася на псыхіцы хлопца. Апошнім месцам працы журналісткі была незалежная газэта “Салідарнасьць”, дзе Чаркасава лічылася асноўным аўтарам. Якраз напярэдадні яна вярнулася з камандзіроўкі ў Мядзелскі раён, і раніцай у рэдакцыі чакалі матэрыялу. Калі Вераніка на працы не зьявілася, калегі й сваякі прыехалі да яе на кватэру…

Расьсьледаваньнем забойства займаецца пракуратура Савецкага раёну Менску. Ніякіх папярэдніх зьвестак там не даюць, аднак усё ж удалося высьветліць некаторыя падрабязнасьці. Ужо зразумела, што Вераніка Чаркасава не чакала нападу. Як кажуць крыніцы ў пракуратуры, у той момант яна падмятала падлогу, паколькі побач валяўся венік, шуфлік і кавалкі шкла — відавочна, гэта была шклянка, якая ўпала з кампутарнага стала. Жанчына стаяла сьпіной да дзьвярэй, і першы ўдар прыйшоўся якраз у сьпіну. Яна да канца абаранялася, паколькі рукі былі моцна зрэзаныя.

Леанід Міндлін згадвае, што Вераніка Чаркасава вельмі сур’ёзна ставілася да журналістыкі й менавіта ў апошнія гады напісала найлепшыя свае артыкулы.

(Міндлін: ) “Яна была сур’ёзнай журналісткай. Любіла, так бы мовіць, “капацца” ў фактуры. Нават калі пісала нарысы, знаходзіла цікавыя дэталі. І якраз у апошнія гады вельмі моцна прафэсійна расла. Звычайна растуць змоладу, а яна вось такімі этапамі: “Имя”, “БДГ”, “Белорусская газета”.

Пахаваньне Веранікі Чаркасавай прызначанае на заўтра, 22 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG