Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазбавіцца ці страціць?


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Якое значэньне мае дзеяслоў пазбавіцца? Напомніць пра гэтае слова варта: той-сёй з нас лічыць беларускае пазбавіцца тоесным расійскаму лишиться. “У маладыя гады ён пазбавіўся бацькоў”, – на такі сказ я натыкнуўся ў мастацкім тэксьце. Як разумець гэта па-беларуску? Дзеяслоў пазбавіцца ўводзіць у гэтым выпадку ў зман. Па-беларуску пазбавіцца значыць ‘вызваліцца ад некага або нечага, зрабіць так, каб непатрэбнае, непажаданае нас не абцяжвала’. Мы пазбаўляемся некага або нечага з уласнае ініцыятывы, волі, прыклаўшы свае сілы, намаганьні. “Проста я пазбавіўся страху і адчуваю сябе вольным чалавекам”, – гаворыць у інтэрвію колішні дэпутат, палітычны актывіст Валеры Шчукін. Мы самі пазбаўляем сябе – тым самым мы пазбаўляемся, калі ж нас пазбаўляюць – мы страчваем, трацім нешта або некага, бяз нечага ці некага застаемся. Чалавека пазбавілі волі – у выніку, кажучы па-беларуску, ён страціў волю, застаўся бяз волі. Калега-журналіст напісаў днямі пра былога кандыдата ў дэпутаты, які пасьля выбараў страціў сваю працу. Дзеяслоў страціў тут на месцы, бо кандыдат застаўся бяз працы не з уласнае волі.

Гаворым па-беларуску, што пазбавіліся, напрыклад, нейкага цяжару, гнятлівага страху; сілы ці бацькоў не пазбаўляемся – іх можам страціць.
XS
SM
MD
LG