Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я бачыла, як бюлетэні са стосу “супраць” перамясьціліся ў стос “за” – настолькі нахабна й непрыкрыта гэта было зроблена”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 20 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) (1) “Добры вечар, “Свабода”. Паглядзеў сёньня ўвечары па канале НТБ разгон дэманстрацыі моладзі, які быў ў цэнтры Менску. Казаў і буду казаць кожны дзень: “Ня быць табе прэзыдэнтам, ня быць. Ня быць табе ўладаром гэтай зямлі, ня быць табе славаю гэтай зямлі, а быць табе ганьбай”.

(Спадар: ) (2) “Зараз паглядзеў БТ – пераключыў раптам туды – і паглядзеў, як амонаўцы, якія стаяць і прыкідваюцца маладымі хлопцамі – па іх тварах бачна, што гэта проста амонаўцы – яны распавядаюць, як ім піва прапаноўваюць. Такая ў нас тэлевізія, вольная і незалежная. Вось стаяць яны там – зараз паказваюць іх – і такія ж расказваюць, як ім піва прапаноўваюць. Дзякую”.

(Валянцін Цішко, Маладэчна: ) “Я лічу, што Лукашэнка адабраў у нас права выбіраць. Рэфэрэндум і выбары былі цалкам сфальсыфікаваныя. І, як сказаў прадстаўнік “Маладога Фронту”, калі нічога ня зьменіцца, мы будзем змагацца са зброяй у руках. Дапамажы нам Бог. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) (1) “Дзень добры, шаноўнае панства. Я хачу праз “Радыё Свабода” зьвярнуцца да ўраду братняй нашаму народу дэмакратычнай дзяржавы, Польшчы, па прыватным пытаньні. Я хачу ведаць, ці ёсьць у Польшчы ваенная вучэльня для хлопчыкаў – кшталту нашай менскай Сувораўскай вучэльні, і як туды паступіць. І ці можна дзяўчыне ці хлопцу пасьля заканчэньня сярэдняй школы ў Беларусі паступіць у вышэйшую ваенную вучэльню ў Польшчы, і як гэта зрабіць. Справа ў тым, што ў мяне растуць дзеці – дзьве дачкі і сын. Мая сям’я – вернікі, рымскія католікі. І я хачу, каб мае дзеці скончылі ваенную вучэльню ў Польшчы, і засталіся служыць у Войску Польскім, і сталі салдатамі NATO. Тым больш, мой бацька быў ваенным афіцэрам – ён сам паходзіць з Заходняй Беларусі, з Пружанскага раёну, вёска Плябаны. Па лініі маёй бабулі, маці майго бацькі, дзявочае прозьвішча каторай было Вайцюховіч, мой прадзед служыў у Войску Польскім, і ваяваў, абараняў у 1921 годзе горад Варшаву ад камуністычна-расейскіх захопнікаў пад камандаваньнем чырвонага тэрарыста Тухачэўскага. А таксама, родны брат маёй бабулі таксама служыў у Войску Польскім, і таксама абараняў 1939-м годзе ўсходнюю мяжу Польшчы ад савецкіх акупантаў. Яны тады трапілі ў палон, і толькі дзякуючы Богу іх адпусьціў расейскі салдат – і дзякуючы гэтаму расейскаму салдату яны тады засталіся жыць. Я шмат пра што ня ведаю, дзед амаль нічога цяпер не расказвае. Таму я яшчэ раз зьвяртаюся да ўраду Польшчы: дапамажыце мне атрымаць інфармацыю пра польскія ваенныя вучэльні. Хіба мае дзеці ня вартыя вучыцца ў Польшчы? Я спадзяюся, што вы перадасьцё гэтую інфармацыю нашым журналістам у Польшчы. Дзякую за ўвагу, і беражы Бог Польшчу й яе народ”.

(Спадар: ) “Ну што, упэўніліся, што вам факты прыведзены паводле лічбаў? Што 75% і болей будзе, што пойдзе Лукашэнка на трэці тэрмін, калі захоча? Другое, хачу сказаць – тэракты ў Бэслане зьдзейсьнены Францыяй і Германіяй, так што тут ужо ўсё відавочна”.

(Аляксандр з Ліды: ) “Прывітаньне, гэта зноў я, Аляксандр з горада Ліды, што на Гарадзеншчыне. Мне 25 гадоў. Я асабіста ня ўдзельнічаў у працэсе выбараў і рэфэрэндуме, але ад маіх сяброў даведаўся пра тое, што бюлетэні не былі надрукаваныя ў друкарні. На іх не было ні адзнакаў прадпрыемстваў, якое іх друкавала, ні нумару замовы, ні нават нумару накладу, як гэта бывае на афіцыйных стандартных блянках. Нават подпісаў чальцоў камісіі не было. Гэта была звычайная папера, якая праходзіць праз ксэракс. Вось і ўсё – вось і ўсе бюлетэні. Мне вельмі сорамна за старэйшае пакаленьне ў маёй краіне, за маіх дзядоў і нават за маіх бацькоў. Яны ж жыцьцё пражылі, а зараз нічога ня здольныя чамусьці разумець і думаць. Дастаткова проста крыху прааналізаваць – і ўсё становіцца бачным і зразумелым. Вельмі мне за іх сорамна і крыўдна. Чамусьці яны ня хочуць думаць пра нас, пра маладое пакаленьне, іх толькі цікавіць, каб добра пэнсію спраўна плацілі. Бо думаюць, калі прыйдуць іншыя – нічога ня будзе для іх. Але я тут прычым? Мне ж жыць таксама патрэбна. Дый тады яны б не засталіся пры такой бядноце, якая сёньня ў іх ёсьць. Вялікі дзякуй”.

(Галіна Ганчарык: ) “Шаноўная “Свабода”. Я была назіральнікам на 164-м выбарчым участку, 8-я выбарчая акруга. Я бачыла, як бюлетэні са стосу “супраць” перамясьціліся ў стос “за” – настолькі нахабна й непрыкрыта гэта было зроблена. Камісія – уся – ня ўдзельнічала ў падліку галасоў. Гэта рабіў толькі старшыня і сакратар. Дакладна такія ж маніпуляцыі былі праведзены і з бюлетэнямі па кандыдатах. У выніку Кораб прайшоў без другога тура, зь першага заходу. Такога нахабства я яшчэ ні на адных выбарах ня бачыла. З павагай да вас – Ганчарык”.

(Слухач: ) “Калі стала вядома, што ў складзе выбарчых камісій – толькі прыкормленыя лукашысты, а не палова нашых людзей, усе кандыдаты павінны былі адмовіцца ад удзелу ў выбарах і заклікаць да байкоту, які б ён не атрымаўся. Такую даверлівасьць хочацца назваць смачным украінскім словам “божэвільнасьць”.

(Сяргей: ) “Вітаю вас. Я хацеў бы падзяліцца сваім меркаваньнем наконт вынікаў рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў. Пры такой яўцы выбарцаў і пры галасаваньні – 87% – я лічу, што ў нашай дзяржаве павінны былі б адбыцца “народныя гуляньні”. Але пасьля выбараў я заўважыў толькі хмурныя твары маіх сяброў і жыхароў майго горада. Гэта азначае толькі адно – такіх вынікаў не магло быць”.

(Слухач: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Быў час, калі я ставіўся да вас ня вельмі паважліва. Магло здарыцца, крыўдаваў некаторы час. Але дзе сёньня вы падзеліся зранку? Хутка 7 гадзін, а вас няма ні на кароткіх хвалях, ні на сярэдніх хвалях, як той казаў – ні гу-гу. Гэта ў раёне горада Івацэвічы, Берасьцейская вобласьць. Можа, хто яшчэ калі патэлефануе – цікава было б даведацца, як адбываецца прыём вашых перадач на іншых тэрыторыях. Дзякую”.

(Спадарыня: ) “Куды падзець сапсаваныя бюлетэні, ад якіх адарвалі пры галасаваньні па рэфэрэндуме, і забралі з сабою слова “так” і подпісы чальцоў камісіі?”

(Спадарыня: ) “Я за тое, каб нашай дзяржавай кіраваў Лукашэнка – таму што іншага такога чалавека ня бачна, які мог бы так клапаціцца пра наш народ і сваю дзяржаву. Што датычна апазыцыі, каторая называе сябе апазыцыяй, то гэта звычайная незацугляная (нецэнзурны выраз), якая ёсьць наймітамі Джорджа Буша й разьлічвае на яго падтрымку. Увесь час вы спасылаецеся на Джорджа Буша, на тое, што ён падпіша нейкі там указ супраць нашага прэзыдэнта. А якое ён мае права ўсоўваць свой нос у нашую краіну? Ён увогуле прывык лезьці ў чужыя краіны, навязваць сваю волю, сваю палітыку. І, калі яго ня слухаюць, ён тады прымяняе сілавыя мэтады. Гэта сапраўдны дыктатар, сусьветны жандар. Ён паводзіць сябе як фашыст. Мы й безь яго абыдземся. І ў нас народ жыве някепска. І ня можа ён так адразу жыць добра, як гэтага хацелася б, бо Лукашэнку дасталася разваленая краіна, а ён падняў яе на патрэбны ўзровень. І калі далей ён будзе працаваць – наш народ не пашкадуе пра свой выбар, бо такіх працалюбівых людзей сярод кіраўнікоў дзяржаваў ня бачна. Большасьць служаць, чамусьці стараюцца дагадзіць Джорджу Бушу. Ён нават ператварыў іх у зграю сабак, паказаў на Лукашэнку: “Кусіце, кусіце яго! Не пускайце ў сваю краіну”. Я лічу, што гэта дужа слабыя палітыкі, якія ня маюць свайго меркаваньня і стараюцца дагадзіць гэтаму монстру, таму, што, бач, краіна яго багатая. Хоць заслуга тут ня Буша, а іншых людзей, якія робяць краіну багатай”.
XS
SM
MD
LG