Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія палітычныя пляны маюць кандыдаты ад апазыцыі пасьля выбараў і рэфэрэндуму?


Міхал Стэльмак, Менск Паводле афіцыйнай ацэнкі рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў, якія, нагадаю, адбыліся 17 кастрычніка, іхныя вынікі засьведчылі паразу апазыцыі. Ці згодныя з такой ацэнкай прадстаўнікі дэмакратычных сіл, якія бралі ўдзел у гэтых выбарах? Як бачыцца ім працяг палітычнай дзейнасьці ў новых умовах?

Паводле дэмакратычных удзельнікаў выбарчай кампаніі, яе сапраўдныя вынікі не адлюстроўваюць палітычнага разгрому апазыцыі. Нават сфальшаваныя лічбы сьведчаць, што ў яе прадстаўнікоў шмат прыхільнікаў.

Напрыклад, у Барысаве, апроч кандыдата ад улады, у кампаніі бралі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” й Партыі БНФ. І ўсе яны, як засьведчыла галасаваньне, маюць у гэтым горадзе тысячы сваіх прыхільнікаў. У прыватнасьці, вось што заявіў на гэты конт былы кандыдат у дэпутаты ад Парті БНФ Сяргей Салаш:

(Салаш: ) “За мяне, кандыдата ад Партыі БНФ, у Барысаве прагаласавала ня менш як 6 тысяч чалавек. Я вельмі задаволены гэтым вынікам. Вельмі задаволены яшчэ й таму, што на мяне на ўсіх стадыях кампаніі аказваўся нечуваны ўціск. Я бачыў, як людзі абсалютна нармалёва рэагавалі – гэта было на заводах, і гэта было ў школах. Людзкім рэсурсам падтрымкі, які я атрымаў у горадзе, які дагэтуль лічыўся вельмі русыфікаваным, вельмі ваенізаваным, у горадзе, у якім прадстаўнік ад Партыі БНФ ня мог разьлічваць на падтрымку – гэтым рэсурсам я мяркую распарадзіцца такім чынам: мы будзем працаваць далей. Мы будзем кантактаваць з тымі людзьмі, якія нас падтрымалі. Мы будзем рабіць акцыі й мерапрыемствы. І для мяне выбары не скончыліся. Я бачу, як тыя людзі, якія дапамагалі мне, зараз вельмі хочуць уступіць у Партыю БНФ”.

Паводле маіх апытаньняў, так, як Сяргей Салаш, думаюць ня ўсе дэмакратычныя кандыдаты. У прыватнасьці, дэмакраты, якія бралі ўдзел у выбарчай кампаніі ў рэгіёнах, дзе пераважае вясковае насельніцтва, жыхары дробных райцэнтраў, прагназуюць, што чакаць тут актывізацыі палітычнага жыцьця будзе досыць складана.

Ёсьць меркаваньні, што наперадзе ад Аляксандра Лукашэнкі варта чакаць узмацненьня рэпрэсіўных дзеяньняў у дачыненьні да сваіх апанэнтаў. І таму, нягледзячы на тое, што і ў такіх паселішчах падчас галасаваньня выявіў сябе значны дэмакратычны рэсурс, задзейнічаць яго будзе праблематычна.

У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Віктар Крываль, які балятаваўся ў Стаўбцоўскім і Ўзьдзенскім раёнах:

(Крываль: ) “За мяне прагаласавала чатыры зь лішкам тысячы чалавек. Зараз многія зь іх займаюць нейкія пасады. Дзяцей трэба карміць кожны дзень, таму сказаць, што яны пойдуць у адкрытую, падтрымліваць, гэта цяжка сказаць. Дарэчы, калі я вёў агітацыю і рыхтаваў назіраньне, то не падстаўляў людзей. У такіх нашых райцэнтрах як Узда і нават як Стоўбцы працу знайсьці амаль немагчыма. І ніякі апазыцыянэр, ніякі прадстаўнік палітычнай партыі ня зможа яго абараніць. І тым больш, калі той патрапіць у бяду, то абараніць. Ці то матэрыяльна, ці дапамагчы ўладкавацца на працу. І трэба нешта мяняць. Трэба тыя вось 5 адсоткаў палітычна актыўнага насельніцтва згуртоўваць у адзін кулак. Каб пазьбегчы дыктатуры, якая пасьля 17 кастрычніка ўжо насунулася на нас і праявілася адкрыта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG