Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вулічныя пратэсты: ці супадаюць настроі менчукоў з рашучымі настроямі наведвальнікаў сеціва?


Алег Грузьдзіловіч, Менск “У Менску працягваюцца акцыі пратэсту”. Пад такім паведамленьнем у інтэрнэт-рэсурсе Charter97 разьмешчаны форум, які дзейнічае з панядзелка і прыцягвае вялікую ўвагу наведвальнікаў інтэрнэту. Якімі думкамі дзеляцца наведвальнікі форуму, і ці адпавядае віртуальная дыскусія на Хартыі дыскусіям на кухнях беларусаў?

У дзень рэфэрэндуму інтэрнэт-рэсурс Charter97 амаль быў заблякаваны, але 18-га кастрычніка праца рэсурсу ў Беларусі аднавілася, і з таго часу пачаў дзейнічаць форум, на якім абмяркоўваюць апошнія падзеі ў Менску. Лічбы паказваюць, што наведвальнікаў форуму з кожным днём усё болей, і гэтак сама падвышаецца іх рашучасьць.

“Усё, пара выходзіць. Сустрэнемся ля “тэлевізара”, –напісаў 20 кастрычніка наведвальнік па мянушцы Выбар. Пад “тэлевізарам” ён, відаць, меў на ўвазе вялізны экран, які ўсталяваны на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

“Не калеч сябе, лепш надрукуй сотню ўлётак і кінь суседзям”, адказаў яму наведвальнік Шурык.

Далей завязалася дыскусія пра эфэктыўнасьць вулічных формаў барацьбы з рэжымам. Аказалася, шмат хто заклікае зноў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу, нягледзячы на дзесяткі раней зьбітых і затрыманых. Між тым, іх рашучасьць астудзіў новы наведвальнік. Ён супроць таго, каб пераходзіць межы маўклівага пратэсту. “Галоўнае– негвалтоўны супраціў. У Індыі так было скончана з калянізацыяй Брытаніі”, папярэдзіў наведвальнік. Аднак яму запярэчыў аўтар пад імем Хтосьці. “Сустрэнемся на барыкадах. No pasaran!”, разьвітваўся з аўдыторыяй Хтосьці.

Прэсавы сакратар Хартыі97 Алег Бябенін распавёў, што форум адкрыты, і выказваньняў ніхто не рэдагуе, аднак з дыскусіі выключаюць заклікі да незаконных дзеяньняў. А што да настрояў, якія пануюць на форуме, то, паводле Алега Бябеніна, яны адпавядаюць настроям ў грамадзтве.

(Бебенін: ) “Гэта – цалкам прагназавальна пасьля таго, што адбылося. Калі на ўладу абурыўся цэлы народ”.

А што думаюць пра падзеі ў Менску людзі, далёкія ад інтэрнэту ? Наколькі іх настроі супадаюць з настроямі наведвальнікаў сеціва?

У маім кароткім дасьледаваньні былі задзейнічаныя тры хатнія тэлефоны. Першай я патэлефанаваў знаёмай палітычнай актывістцы, але аказалася, што яе адрас зьмяніўся. Мне адказала зусім іншая Тацяна, якой гэтая тэма не цікавая.

(Тацяна: ) “Значыць, у людзей ёсьць свае мэты, свае прычыны, калі яны туды ідуць. Я лічу, што трэба інакш. Ня ведаю”.

Вольга, да якой я датэлефанаваўся ў другую чаргу, спачувае мітынгоўшчыкам, але …

(Вольга: ) “Зь дзяржавай змагацца дарэмна. Гэта я магу сказаць пэўна паводле асабістага досьведу”.

Трэцяя суразмоўца, Кацярына, сказала, што ў апошнія дні менавіта падзеі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сталі для яе галоўнымі.

(Кацярына: ) “Як можна не абмяркоўваць, калі людзей зьбіваюць, ні за што арыштоўваюць, калі людзі трапляюць у шпіталі? Як можна быць да гэтага абыякавым?”

Форум на Charter97 працягвае дзейнічаць. Некаторыя ў Беларусі лічаць, што гэта ёсьць паказчыкам пэўнай свабоды, а некаторыя – адсутнасьці сапраўднай пагрозы для ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG