Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Колас хоча давесьці сваю перамогу на парлямэнцкіх выбарах й мае сабраць подпісы людзей, якія за яго галасавалі


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

На старонках “Нашай нівы” беларускія палітыкі й грамадзкія дзеячы разважаюць пра тое, як усё ж жыць пасьля рэфэрэндуму. Палітоляг Андрэй Казакевіч цьвердзіць, быццам рэжым Лукашэнкі чакае дэлегітымізацыя. Акадэмік Аляксандар Вайтовіч заклікае апазыцыю да кансалідацыі. А старшыня Рады інтэлігенцыі Ўладзімер Колас хоча давесьці сваю перамогу на парлямэнцкіх выбарах і мае сабраць подпісы людзей, якія за яго галасавалі.

Яшчэ “Наша ніва” публікуе гутарку з паэтам Славамірам Адамовічам, які цяпер жыве ў Нарвэгіі. На чужыне паэт сумуе, яму там не стае беларускіх жанчынаў. У інтэрвію газэце спадар Адамовіч скарадзіцца на тое, што на радзіме ў яго хочуць адабраць пакой, які належыць яму, а таксама разважае пра творчасьць нядаўна памёрлага пісьменьніка Івана Шамякіна. На ягоную думку, не было пісьменьнікаў, роўных Шамякіну ў адлюстраваньні ў творах савецкай эпохі. На сучасную літаратуру Славамір Адамовіч глядзіць з пэўным скепсісам ды кажа, што ёй бракуе канкурэнцыі.

У Слуцку зьявіўся супэрпад’езд, паведамляе сёньняшні “Инфо-курьер”. Такі вось тытул дастаўся трэцяму пад’езду дому нумар 5 па вуліцы Зялёнай. Жыхары пад’езду стаміліся глядзець, як навокал брудна й непрывабна, і вырашылі сваё агульнае жытло давесьці да ладу. Пад’езд зачынілі, памылі, зрабілі ў ім рамонт. Цяпер там на сьценах вісяць карціны, можна у пад’езьдзе ўбачыць расьліны, нават экзатычныя, на кожнай лесьвічнай пляцоўцы стаяць столікі й крэслы – там можна адпачыць. Людзі, якія жывуць у пад’езьдзе, цяпер настолькі раўніва ставяцца да парадку, што нават пастанавілі абавязкова праваджаць гасьцей да самога выхаду – раптам карціны са сьценаў зьнікнуць.

А “Бобруйский курьер” распавядае пра бабруйчанку Зінаіду Аўчыньнікаву, што праблукала ў лесе ажно тыдзень. Жанчына паехала разам з мужам у апенькі ды так захапілася пошукам грыбоў, што згубілася. Прыгодаў ёй хапіла: яна спрабавала выбрацца зь лесу, але шляху знайсьці не магла. Спачатку яна пакутавала ад голаду, але потым прызвычаілася. Піла жанчына балотную ваду, спала ў хмызьняку. Пад канец блуканьняў у яе пачаліся галюцынацыі. Знайшла блуканку група паляўнічых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG