Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя гамельчукоў на разгон і жорсткае зьбіцьцё дэманстрантаў у Менску


Казімір Яноўскі, Гомель Разгон і зьбіцьцё дэманстрантаў у Менску, якія пратэставалі супраць фальшаваньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, глядзелі па тэлебачаньні многія жыхары Гомеля. Іх стаўленьне да менскіх падзеяў высьвятляў наш карэспандэнт.

Зь якіх каналаў атрымлівалі гамельчукі інфармацыю пра дэманстрацыю пратэсту ў Менску? У адказ на гэтае пытаньне я нярэдка чуў наступнае:

(Гамяльчук: ) “Па тэлебачаньні бачыў. Канешне, расейскім. На беларускім – там фрагмэнты. Расейскае ўсё паказвае. Сам я галасаваў супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Закон – ня дышла. У Канстытуцыі напісана два тэрміны. Нельга мяняць кожны год ці кожныя дзесяць гадоў Канстытуцыю. Належыць два тэрміны, пабыў – хопіць. Пастаў свайго чалавека, як Ельцын Пуціна паставіў. Я ня супраць гэтага. Кучма два тэрміны пабыў – ён сыходзіць”.

Гэтак мяркуе шараговы гамяльчук сярэдніх гадоў.

Канешне, сустракаліся, і такія, хто лічыць дэманстрацыі апазыцыі ў Менску акурат так, як падаюць іх у перадачах беларускага тэлебачаньня:

(Гамяльчук: ) “Лічу, што дзеля карцінкі”.

І ўсё ж жорсткасьць ўлады, якая кідае АМОН на дэманстрантаў, падтрымкі ў гамельчукоў ня мае. Паслухаем меркаваньні трох выпадковых гараджанаў:

(Гамяльчук: ) “Канешне, няправільна. Калі ўзяць дубіну й разганяць, гэта ня тое. Трэба якась па-іншаму”.

(Гамяльчук: ) “Ідуць дэманструюць, ну і няхай дэманструюць. Навошта ж біць?”

(Гамяльчук: ) “Ня годна гэта рабіць. Гэта не ўпрыгожвае ўрад, прэзыдэнта. Тут няма ніякай карцінкі. Выбары былі сфальшаваныя. Так гэта й было”.

Да сказанага мушу дадаць, што пераважная большасьць гараджанаў, зь кім давялося гутарыць на тэму выбараў і рэфэрэндуму, вельмі зьдзіўляюцца іхным вынікам. Сьцьвярджаюць, што яны, іхныя сваякі й знаёмыя галасавалі супраць працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Адкуль у рэгіёне ўзяліся 86,7 адсотка “за” – не такая ўжо і складаная загадка. У 9 сельскіх раёнах падтрымка зьмены Канстытуцыі выбарцамі нібыта перавысіла 99 адсоткаў.

А ці гатовы гамельчукі самі пратэставаць супраць магчымага фальшаваньня вынікаў галасаваньня? Безумоўна, такія людзі ёсьць, і ня толькі ў дэмакратычным асяродку гораду. Але й шмат гараджанаў (нават тых, хто ня прыняў сам рэфэрэндум з пытаньнем працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў), трымаюцца прынцыпу: мая хата з краю. Характэрнае ў гэтым сэнсе меркаваньне дворніка з праспэкту Леніна:

(Дворнік: ) “За мяне ніхто не перажывае, і я ні за каго не перажываю. Асабіста я не хадзіў на выбары. Ёсьць закон, і ня мае значэньня, добры ці кепскі прэзыдэнт. Справа не ў чалавеку. Ёсьць закон і давайце захоўваць яго ўсе”.
XS
SM
MD
LG