Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэзыдэнт Буш зрабіў заяву з нагоды падпісаньня “Акту аб дэмакратыі для Беларусі”


Алеся Сёмуха, Вашынгтон 20 кастрычніка “Акт аб дэмакратыі для Беларусі” быў падпісаны прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. Падпісаньне Акту суправаджаецца заявай прэзыдэнта. “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які я падпісаў сёньня”, гаворыцца ў заяве прэзыдэнта ЗША, “дапаможа справе дэмакратыі ў Беларусі. Гэты заканадаўчы акт, ухвалены на дзьвюхпартыйнай аснове, дэманструе глыбокую трывогу што да падзеяў у Беларусі, і гэта нашае абавязацельства падтрымаць тых беларусаў, хто мусіць працаваць у цені, каб вярнуць свабоду сваёй краіне”.

Далей у заяве Джорджа Буша гаворыцца:

“У час, калі свабода пашырае свае межы па ўсім сьвеце, Аляксандр Лукашэнка і ягоны ўрад ператвараюць Беларусь у рэпрэсіўны рэжым у самым сэрцы Эўропы, ейны ўрад ізаляваны ад суседзяў і сваіх людзей, ізаляваных адно ад аднаго. Мы будзем працаваць з нашымі саюзьнікамі й партнэрамі, каб дапамагчы тым, хто намагаецца вярнуць Беларусь у належнае ёй месца – сям’ю эўра-атлянтычных дэмакратый. У вольнай і непадзельнай Эўропе няма месца гэткаму рэжыму.

17 кастрычніка спадар Лукашэнка абвясьціў перамогу на рэфэрэндуме, які скасаваў абмежаваньне тэрміну ягонага знаходжаньня на пасадзе. Кампанія рэфэрэндуму й адначасовая кампанія па выбарах у парлямэнт былі праведзеныя ў атмасфэры злоўжываньня ўладай і пануючага страху. Назіральнікі АБСЭ ды іншыя назіральнікі вызначылі, што перамога была дасягнутая праз падманныя сродкі.

Гэтыя дзеяньні – самыя апошнія ў шэрагу мераў скіраваных на ўдушэньне незалежных галасоў у Беларусі. З 2001 году беларускія ўлады сыстэматычна перасьледавалі незалежныя мэдыі, прафсаюзы, грамадзкія арганізацыі й рэлігійныя аб’яднаньні. На мірнае выражэньне апазыцыйнасьці рэжым Лукашэнкі кожны раз адказваў зьбіцьцём, арыштамі, і ў некаторых выпадках – зьнікненьнем апазыцыйных лідэраў”.

На заканчэньне ў заяве Прэзыдэнта гаворыцца: “Акт аб дэмакратыі для Беларусі дапаможа нам падтрымаць тых у Беларусі, хто працуе ў кірунку дэмакратыі. Мы вітаем гэты закон як сродак падтрымкі сяброў свабоды і падмацаваньня росту дэмакратычных каштоўнасьцяў, навыкаў і інстытутаў у Беларусі. Лёс Беларусі будзе вырашаны не дыктатарам, але студэнтамі, сябрамі прафсаюзаў, грамадзкімі і рэлігійнымі лідэрамі, журналістамі і ўсімі тымі грамадзянамі Беларусі, якія дамагаюцца свабоды для сваёй нацыі”.

Па камэнтар у сувязі з падпісаньнем Акту й ягонага ператварэньня ў закон карэспандэнтка Радыё Свабода зьвязалпся з Дзярждэпартамэнтам ЗША. Вось як пракамэнтаваў факт падпісаньня прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Ноэл Клэй:

(Клэй: ) “Мы падзяляем сур’ёзную занепакоенасьць, выказаную ў законе наконт таго, што ўрад Беларусі працягвае рэпрэсіі супраць незалежных мэдыяў, няўрадавых арганізацый, незалежных прафсаюзаў і акадэмічных інстытутаў ды прадэмакратычных арганізацый. "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" скіраваны на тое, каб памагчы сілам, якія змагаюцца ў Беларусі за ўсталяваньне дэмакратыі і правоў чалавека, каб забясьпечыць базавыя свабоды”.

Гл. таксама: • Statement by the President about Belarus Democracy Act • Прэзыдэнт ЗША падпісаў "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" • Аляксей Кароль: “Акт паспрыяе падтрымцы і ўсталяваньню дэмакратыі ў Беларусі” • Алег Алкаеў: “Акт дапаможа пакараць вінаватых у палітычных зьнікненьнях” • Мікалай Чаргінец: “У нас прымяняўся па-сапраўднаму адміністратыўны рэсурс, толькі ня з боку рэспублікі Беларусь, а з боку ЗША” • Ірына Красоўская: “Я думаю, што гэта пачатак новай эпохі разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі” • Анатоль Лябедзька: “2006 год мы не павінны прайграць” • Уладзімер Ганчарык пра “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”: “Гэта мінімальныя патрабаваньні для ўсталяваньня дэмакратыі й прагрэсу ў Беларусі” • Афіцыйны Менск заяўляе пра крокі ў адказ на амэрыканскі “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”
XS
SM
MD
LG