Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моладзь трэці дзень запар выходзіць на Кастрычніцкую плошчу ў Менску – зноў амонаўцы разганяюць іх, зноў ёсьць затрыманыя


Валер Каліноўскі і Любоў Лунёва, Менск Нягледзячы на ўчарашнія масавыя затрыманьні сёньня на Кастрычніцкую плошчу ў Менску зноў выйшлі з пратэстам супраць вынікаў рэфэрэндуму моладзь, сябры моладзевых арганізацыяў “Зубр” і “Малады фронт”.

Сёньняшняя акцыі “Зубра” і “Маладога фронту” была адказам на арышт і асуджэньне актывістаў іх арганізацыяў. Першым мэгафон узяў Зьміцер Бародка з моладзевай арганізацыі “Зубр”.

(Бародка: ) “Нягледзячы на ніякія рэпрэсіі мы будзем казаць праўду, мы будзем выходзіць дзень за днём!”

З пратэстам супраць зьбіцьця лідэра АГП Анатоля Лябедзькі выйшлі актывісты ягонай партыі. Яны сталі ланцугом і з партрэтамі свайго лідэра. Гаворыць актывістка АГП Валяніціна Палевікова.

(Палевікова: ) “Мы сёньня, жанчыны ў асноўным, вырашылі прыйсьці паболей і стаць побач з моладзьдзю. Трэба, каб выходзілі выбаршчыкі, трэба, каб выходзілі рабочыя, таму што яны абмяркоўваюць усё, што здарылася. А здарылася ціхая дыктатура, якая прыйшла на Беларусь”.

Амонаўцы разагналі ланцуг неабыякавых людзей, забралі ў зуброўцаў антыпрэзыдэнцкі транспарант, затрымалі найбольш актыўных удзельнікаў, у тым ліку Зьмітра Бародку.

Але і пасьля затрыманьня стыхійны мітынг працягваўся.

(Спадар: ) “Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку, ён не выказвае волю народу, ён ня можа прадставіць народ, ён прадстаўляе народ толькі ў сваёй рэзыдэнцыі”.

Нягледзячы на рашэньне “Пяцёркі плюс” пакуль устрымацца ад вулічных акцыяў, шэраг кіраўнікоў кааліцыі наведалі акцыю пратэсту. Станіслаў Шушкевіч лічыць, што варта ганарыцца ўчынкам моладзі:

(Шушкевіч: ) “Шчырасьць, патрыятызм ёсьць, а вось досьведу няма, добрыя маладыя людзі сябе падстаўляюць гэтым бандытам, і тут я думаю, што ўпушчэньне дарослых, што ня сталі дарадцамі, якім верыць моладзь. Таму я лічу, што пакуль што мы не падрыхтаваныя да такіх акцыяў, трэба рыхтаваць акцыі больш шырокія”.

***

Паводле апошніх дадзеных, у дзяжурнай частцы міліцыі Цэнтральнага раёну трымаюць пяцёх затрыманых удзельнікаў мітынгу. Трое зт іх непаўнагадовыя студэнты каледжу. Іх мусяць адпусьціць пад росьпіс бацькоў.

А Зьмітра Бародку з Барысава і Зьмітра Вайтко з Маладэчна будуць трымаць у дзяжурнай частцы міліцыі. На іх складуць пратакол паводле 167 артыкула, як на арганізатараў несанкцыянаванай ўладамі акцыі.

Заўтра раніцай іх будуць судзіць у Цэнтральным судзе Менску.

У спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна адвезьлі каардынатара моладзевага руху “Зубр” Яўгена Афнагеля адбываць 10 сутак арышту. Суд над ім адбываўся ў той час, калі на Кастрычніцкай плошчы пачаўся мітынг апазыцыі.
XS
SM
MD
LG