Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец зьвяртаецца да Ўладзімера Пуціна з просьбай аб палітычным прытулку


Уладзімер Глод, Менск Паводле словаў кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка", да такога рашэньня яго падштурхнулі апошнія падзеі ў краіне: рэфэрэндум, выбары ў Палату прадстаўнікоў, зьбіцьцё і арышты шэрагу палітыкаў.

Сяргей Скрабец упэўнены, што Аляксандар Лукашэнка ніколі не даруе яму выступаў супраць кіраўніка дзяржавы. Адзін з доказаў таму, што ў новы склад парлямэнту “не дапусьцілі” ня толькі лідэраў "Рэспублікі", як, напрыклад, Уладзімера Парфяновіча ці Валерыя Фралова, а нават і тых дэпутатаў, якія ўжо даволі даўно адышлі ад "рэспубліканцаў", прыкладам, Юры Марозаў ці Надзея Цыркун.

Зьбіцьцё й арышты вядомых палітыкаў канчаткова пераканалі спадара Скрабца ў неабходнасьці пакінуць Беларусь. Вось чаму і нарадзіўся зварот да прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі:

(Скрабец: ) "Хутка падыдзе й наша чарга. Мы ня хочам гэтага чакаць, таму я зараз зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі. Лічу, што, каб застацца ў беларускай палітыцы жывым і дзейным, трэба жыць у Расеі. Канечне, гэта не капітуляцыя, а пераход на новыя ўмовы барацьбы".

Іншыя сябры групы "Рэспубліка" ужо ведаюць аб рашэньні свайго кіраўніка. Аднак канчатковых высноваў у гэтай справе для сябе яны пакуль не зрабілі. Гаворыць Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) "Я са Скрабцом на гэтую тэму размаўляў. Тое, што нам не дадуць тут працаваць, так відаць, яно й будзе. Тут нам прыйдзецца вельмі цяжка. Але я для сябе пакуль ня вырашыў, як быць. Я мушу яшчэ параіцца з сям’ёй, яна таксама выкажа сваю думку".

Не зьбіраецца пакідаць радзіму Ігар Баслык. Хаця, паводле ягоных словаў, у гэтай краіне нічога нельга выключаць:

(Баслык: ) "Хутчэй за ўсё я не паеду. Хаця ў жыцьці ўсё можа зьмяніцца. Могуць жа ня даць нічым займацца. Гэта надзвычай сур’ёзнае пытаньне. Таму што выехаць гэта адно, а жыць там – зусім іншае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG