Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля трох дзясяткаў чалавек арыштаваў Ленінскі суд Менску за ўдзел у апазыцыйнай акцыі пратэсту


Любоў Лунёва, Менск Яшчэ каля дзясятка пакаралі арыштамі ад 30 да 50 базавых велічыняў. У часе судоў над затрыманымі ў будынак двойчы прыяжджала група сапёраў.

Першымі судзілі лідэра “Народнай грамады” Міколу Статкевіча і лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. Яны не адмаўляліся ад свайго актыўнага ўдзелу ў акцыях 17 і 18 кастрычніка.

Мікола Статкевіч у судзе выказаўся, што парушальнікі закону — не дэманстранты, а менавіта ўлады, бо кінулі міліцыю і армію на некалькі соцень чалавек, якія не пажадалі пагадзіцца з нахабнай фальсыфікацыяй галасаваньня.

Міколу Статкевіча пакаралі арыштам на 10 сутак, а Паўла Севярынца — на 15.

Назіральнікі ў судзе адзначылі, што ўсё міліцэйскае кіраўніцтва, пакуль ішлі працэсы, знаходзілася ў кабінэце старшыні суду Любові Жалнерчык.

Амонаўцы, якія суправаджалі затрыманых, паводзілі сябе даволі агрэсіўна ў адносінах да сяброў затрыманых. Павал Красноў намагаўся паразмаўляць у калідоры са сваім затрыманым сябрам:

(Красноў: ) “Падышоў да свайго сябра спытацца, як ён трымаецца. Амонавец мяне папярэдзіў, што, калі я падыду бліжэй, то да мяне ўжывуць сілу. Ён мяне штурхаў, хапаў за вопратку, пагражаў”.

Некалькі разоў судзьдзі, якія разглядалі справы затрыманых, заходзілі ў кабінэт старшыні суду і выходзілі зь нейкімі паперкамі. Калі раней некалькім чалавекам давалі папярэджаньне, то сёньня не было ніводнага такога выпадку. Амаль усіх дэманстрантаў пакаралі арыштамі.

У спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік паедуць адбываць арышты каля трох дзясяткаў чалавек: Павал Красоўскі, Сяргей Манкевіч, Максім Вінярскі, Ірына Пярвойкіна, Руслан Харкевіч, Сяргей Рылькоў, Мікола Ганчароў, Сяргей Міхаленка, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Артур Фінькевіч, Юры Фабішэўскі, Яраслаў Навуменка, Тацяна Ялавая, Уладзімер Шыдлоў, Дзяніс Арцюшкевіч, Павал Хівук, Аляксандар Каліта, Марыя Гансецкая, Міхась Кандрашоў, Павал Юхневіч, Дар’я Малдаванава, Міхась Кузьняцоў, Мікола Ганчароў, Уладзімер Навельскі, Васіль Парфянкоў. Усе яны амаль аднолькава камэнтавалі судовы прысуд. Гаворыць сябра моладзевага руху “Зубр” Максім Вінярскі:

(Вінярскі: ) “Пяць сутак за ўдзел у дэманстрацыі! Як я ўжо заявіў у судзе, цалкам падзяляю мэты, якія ставіліся гэтай дэманстрацыяй, і браў удзел абсалютна сьвядома. І надалей буду ўдзельнічаць, пакуль мы не дасягнем сваёй мэты і ня зьменім найвышэйшую ўладу ў нашай краіне”.

Сьпіс арыштаваных могуць папоўніць затрыманыя ўдзельнікі акцыі, якіх адвезьлі ў шпіталі, і Яўген Афнагель — яго затрымалі пасьля таго, як суды закончыліся.

Калі пачалі судзіць першых удзельнікаў дэманстрацыі, у суд прыехала група з трох чалавек з сабакам. Сабака нюхаў сумкі, людзей, якія стаялі ў калідоры. Людзі пыталіся, у чым справа, а ім адказвалі: гэта сапёры. Мне чалавек з сабакам патлумачыў, што сабака натрэніраваная шукаць наркотыкі. Празь дзьве гадзіны, як сышла гэтая група, усіх папрасілі пакінуць будынак суду, бо гэтым разам шукаць будуць ужо бомбу. Сапраўды, да будынка пад’ехала адмысловая машына. Сабака панюхаў пакунак побач з ганкам суду, пасьля чаго сапёры кінулі яго ў сьметнік. На гэтым апэрацыя скончылася.

Амонаўцы яшчэ доўгі час трымалі арыштаваных у двары. Нікога не выводзілі ў прыбіральню і не дазволілі перадаць арыштаваным ні печыва, ні вады, хоць тыя суткі ня елі. Людзі не разыходзіліся, пакуль аўтобусы не паехалі на вуліцу Акрэсьціна.

Усім арыштаваным падрыхтавалі харчовыя перадачы й цёплыя рэчы. У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку трымаюць Мікіту Сасіма і Аляксея Ляўковіча.
XS
SM
MD
LG