Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША падпісаў "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі"


RFE/RL Прэсавая служба Белага Дому паведамляе, што сёньня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падпісаў "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі". Ад гэтага моманту "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" атрымаў юрыдычную сілу. Джордж Буш зараз знаходзіцца ў штаце Айова, і "Акт аб Дэмакратыі для Беларусі" быў дастаўлены яму на подпіс прэзыдэнцкім самалётам.

Сёньня Джордж Буш падпісаў "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі".

Нагадаем, што Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі мог бы стаць законам аўтаматычна (праз 10 дзён) і бяз подпісу Прэзыдэнта Буша, паколькі Канрэс яшчэ не закрыў сваю сэсію і працуе. Аднак, як паведаміў нам Робэрт Уілке, спэцыяльны памочнік прэзыдэнта па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райс рэкамэндавала біль на подпіс прэзыдэнту, каб надаць яму большай палітычнай важкасьці.

Прэзыдэнт Буш зараз вядзе перадвыбарчую кампанію ў штаце Айова, Акт аб Дэмакратыі для Беларусі быў дастаўлены яму на подпіс прэзыдэнцкім самалётам. Як патлумачыў Робэрт Уілке, усе законы мусяць быць прадстаўленыя прэзыдэнту ў арыгінале атрыманым з Кангрэсу, а не па факсе ці электроннай пошце, і падпісваюцца ўласнаручна. Гэткая традыцыя падпісаньня законаў толькі ў арыгінале сягае ў 18 стагодзьдзе.

Нагадаем, "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі" закліканы спрыяць дэмакратычнаму разьвіцьцю, правам чалавека і вяршынству закону ў Беларусі, а таксама падтрымліваць зацьвярджэньне і ўмацаваньне незалежнасьці краіны.

Закон прадугледжвае выдаткаваньне неабходнай дапамогі для недзяржаўных арганізацыяў, незалежных мэдыяў, уключаючы радыё і тэлевізійнае вяшчаньне на Беларусь, а таксама пашырэньне міжнародных абменаў.

Паводле закону, фінансавы памер гэтай дапамогі павінен вызначыць прэзыдэнт ЗША на 2005 і 2006 фінансавыя гады.

Акт аб дэмакратыі таксама падтрымлівае правядзеньне свабодных і незалежных выбараў, увод санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Паводле Акту, павінна быць складзеная справаздача аб пастаўках і продажы Беларусьсю зброі альбо ваеннай тэхналёгіі краінам-ізгоям, а таксама справаздача аб пэрсанальных актывах і капіталах Аляксандра Лукашэнкі ды іншых беларускіх кіраўнікоў.

Санкцыі будуць ужывацца ў дачыненьні да Беларусі, пакуль прэзыдэнт ЗША ня вырашыць і не засьведчыць перад адпаведнымі камітэтамі Кангрэсу, што ўлады Беларусі сапраўды зрабілі значны прагрэс ў выкананьні шэрагу ўмоваў. Сярод іх – вызваленьне асобаў, якія былі зьняволеныя на падставе іх палітычных перакананьняў, адкліканьне палітычна матываваных судовых абвінавачаньняў супраць усіх дзеячоў апазыцыі ў Беларусі, прадстаўленьне поўнай справаздачы аб зьнікненьнях лідэраў апазыцыі й журналістаў, улучна зь Віктарам Ганчаром, Анатолем Красоўскім, Юрыем Захаранкам і Зьмітром Завадзкім, і пакараньне ўсіх адказных за гэтыя зьнікненьні, спыненьне ўсіх формаў перасьледу і рэпрэсіяў супраць незалежных сродкаў масавай інфармацыі, няўрадавых арганізацыяў і палітычнай апазыцыі ў Беларусі, а таксама правядзеньне свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ў адпаведнасьці з стандартамі АБСЭ у справе дэмакратычных выбараў і ў супрацоўніцтве з адпаведнымі ўстановамі АБСЭ.

Калі гэтыя ўмовы ня будуць выкананыя, то ў дачыненьні да Беларусі Кангрэс прапануе ўжыць наступныя санкцыі: па-першае “пазыкі, крэдытныя гарантыі, страхоўкі, фінансаваньне або іншыя віды фінансавай дапамогі ня могуць быць выдзеленыя ўраду Беларусі ніякім урадавым агенцтвам Злучаных Штатаў... за выключэньнем выпадкаў, зьвязаных з дастаўкай гуманітарных тавараў і сельскагаспадарчых або мэдычных прадуктаў”. Па-другое, “ніякія сродкі, якія мае ў наяўнасьці Агенцтва гандлю і разьвіцьця, ня могуць быць прызначаныя на дзейнасьць Агенцтва ў Беларусі або для Беларусі”. Ня менш важна, што паводле Акту, цягам 90 дзён пасьля ўвядзеньня закону ў сілу прэзыдэнт ЗША павінен перадаць адпаведным камісіям Кангрэсу справаздачу аб пастаўках і продажы Беларусьсю зброі альбо ваеннай тэхналёгіі краінам-ізгоям, а таксама справаздача аб пэрсанальных актывах і матэрыяльных каштоўнасьцях Аляксандра Лукашэнкі ды іншых беларускіх кіраўнікоў.

Гл.таксама • “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” зацьверджаны Сэнатам ЗША • Тэкст "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі" (вэрсія 2003 году)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG