Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры “Пяцёркі плюс” заклікаюць Эўразьвяз забараніць уезд на сваю тэрыторыю міліцыянтам, якія зьбівалі ўдзельнікаў акцыі 19 кастрычніка


Альгерд Невяроўскі, Менск Зьбіты амонаўцам падчас акцыі пратэсту апазыцыі 19 кастрычніка, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць, што стан ягонага здароўя здавальняючы, але ён ня ведае, колькі яшчэ часу правядзе ў шпіталі. Кіраўнік АГП падаў заяву кіраўніцтву Ленінскага райаддзелу міліцыі з патрабаваньнем прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці амонаўцаў, што яго зьбілі. Тым часам лідэры кааліцыі “Пяцёркі плюс” захапляюцца мужнасьцю ўдзельнікаў акцыяў 18 і 19 кастрычніка, але заклікаюць пакуль вулічныя акцыі спыніць, каб не падстаўляць іх удзельнікаў пад рэпрэсіі.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька знаходзіцца ў менскім шпіталі хуткай дапамогі. Я зьвязаўся зь ім па тэлефоне. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Стан ужо цяпер здавальняючы. Страсеньне мозгу, ёсьць праблемы з правай ныркай. Я цяпер, як абколаты наркаман, — гляджу на свае рукі, вены. Колюць мяне, але тут ёсьць нашыя людзі, яны сочаць за гэтым працэсам. Зьбіраем усе слоікі, прабіркі ад лекаў, якія мне ўліваюць. Нічога не магу сказаць дрэннага адносна мэдычнага пэрсаналу — вельмі добрыя адносіны. А ўсё астатняе залежыць ад нас”.

Але актывісты АГП, што дзяжураць у палаце хворага, гавораць: ягоны стан здароўя ўсё ж выклікае трывогу. Канчатковы дыягназ лекары павінны паставіць сёньня, калі Анатоль Лябедзька здасьць усе аналізы й пройдзе абсьледаваньні.

20 кастрычніка да лідэра АГП прыяжджаў супрацоўнік Ленінскага РУУС Менску, якому Анатоль Лябедзька перадаў сваю заяву з патрабаваньнем прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці амонаўцаў пад кіраўніцтвам афіцэра Сяргея Тозіка, якія яго зьбілі.

Міліцыянты ж перадалі зьбітаму лідэру АГП позву ў суд на 20 кастрычніка.

Кіраўніцтва АГП таксама накіравала заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у зьбіцьці спадара Лябедзькі.

Лідэр АГП лічыць: учорашняе зьбіцьцё й затрыманьне дэманстрантаў паказвае рэальны страх улады, нават на тле так званай “ашаламляльнай перамогі” на рэфэрэндуме

На прэсавай канфэрэнцыі “Пяцёркі плюс” лідэры партыяў, што ўваходзяць у гэтую ініцыятыву, назвалі зьбіцьцё Анатоля Лябедзькі й іншых удзельнікаў акцыі актам дзяржаўнага тэрарызму. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы лічым, што сьпіс Хрыстаса Пургурыдэса, чорны сьпіс тых, каго нельга пускаць у Эўразьвяз, павінен быць дапоўнены і людзьмі з Цэнтральнай выбарчай камісіі, і кіраўнікамі акруговых выбарчых камісіяў, і ўсімі тымі, хто ўдзельнічаў ва ўчорашняй расправе і праявіў гэты дзікунскі садызм”.

Лідэры “Пяцёркі” ў захапленьні ад мужнасьці дэманстрантаў. Але яны заклікаюць моладзь цяпер не падстаўляць сябе пад рэпрэсіі, а кансалідаваць намаганьні ўсёй апазыцыі, рыхтавацца да будучых дэмакратычных зьменаў.
XS
SM
MD
LG