Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шпіталях застаюцца два ўдзельнікі акцыі пратэсту


Галіна Абакунчык, Менск У выніку зьбіцьця ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 кастрычніка, шпіталізаваныя два чалавекі. Усяго мэдычная дапамога спатрэбілася васьмярым пратэстоўцам.

Затрыманых і зьбітых пратэстоўцаў напачатку звозілі ў сутарэньні Ленінскага райаддзелу міліцыі. І толькі затым праваахоўнікі выклікалі дапамогу для найбольш пацярпелых. Іх развозілі па траўматалягічных аддзяленьнях чатырох шпіталяў — менскага №5, менскага абласнога, шпіталю хуткай дапамогі, а таксама ў Інстытут траўматалёгіі. Усяго восем юнакоў і дзяўчат 19–21 году. Пасьля тэрміновай дапамогі мэдыкаў большасьць змагла пайсьці дадому. Шпіталізаваным стаўся Зьміцер Чарткоў, які быў зьмешчаны ў аддзяленьне нэўрахірургіі абласнога шпіталю. Вось што пра стан здароўя юнака паведаміў загадчык аддзяленьня Ігар Любішчаў:

(Любішчаў: ) “Папярэдні дыягназ — лёгкая чэрапна-мазгавая траўма. Якім будзе канчатковы, я пакуль ня ведаю. Мы пакуль абсьледуем, бо яго прывезьлі ўчора, яшчэ сутак не прайшло з моманту траўмы. Калі ўсё нармалёва, дні праз тры можна адпусьціць”.

Дарэчы, увесь мэдычны пэрсанал паставіўся да зьбітых пратэстоўцаў з паразуменьнем і падрымкай. Пра гэта паведаміў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык, які трымае дзяжурства каля шпіталізаванага ў хуткай дапамозе Анатоля Лябедзькі. Гаворыць Ігар Шынкарык:

(Шынкарык: ) “Лекары, якія пачулі па радыё, тэлебачаньні прыходзяць і цікавяцца станам здароўя, выказваюць словы падтрымкі. Добрыя, вельмі добрыя адносіны”.

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька атрымаў гематому ныркі, страсеньне мозгу, ёсьць падазрэньне на пералом дзьвюх рабрынаў. Паводле спадара Лябедзькі, сёньня ён пачуваецца крыху лепш, аднак самастойна хадзіць яшчэ ня можа. У зьвязку са зьбіцьцём Анатоль Лябедзька намерваецца заявіць у пракуратуру аб адкрыцьці крымінальнай справы, хоць і перакананы, што гэта была адмысловая акцыя запалохваньня з боку айчынных уладаў. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Лукашэнка гэтым засьведчыў, што ён выйграў не рэфэрэндум, а падлік галасоў. І тое, што ён цяпер спрабуе заткнуць людзям рот, ён проста баіцца, што людзі, якія выказваюць сваю нязгоду на кухні, яны могуць выйсьці на вуліцы. І каб гэтага не адбылося, іх хочуць запалохаць”.

Сёньня Анатоля Лябедзьку наведалі прадстаўнікі місіі АБСЭ ў Беларусі, шматлікія айчынныя й замежныя журналісты, а таксама беларускія й расейскія палітыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG