Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск лічыць, што ў назіральнікаў АБСЭ “мела месца яўная неаб''ектыўнасьць”, але задаволены назіральнікамі з СНД


Юры Дракахруст, Прага “У абстаноўцы непрыкрытага ціску на міжнароднае назіраньне з боку ЗША і Эўразьвязу кіраўніцтва місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ ня здолела пераадолець наперад зададзеную настроенасьць на нэгатыўную ацэнку вынікаў выбараў і рэфэрэндуму". Такая ацэнка выказаная ў сёньняшняй заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі.

МЗС са "шкадаваньнем канстатуе", што, нягледзячы на наяўнасьць шэрагу канструктыўных высноў, у заключэньнях місіі АБСЭ "не знайшлі належнага адлюстраваньня зробленыя Беларусьсю пасьлядоўныя крокі па паляпшэньні выбарчага працэсу, мае месца яўная неаб''ектыўнасьць".

Міністэрства замежных спраў нагадвае, што маніторынг хады выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі ажыцьцяўлялі некалькі групаў назіральнікаў: місія СНД, прадстаўнікі іншых міжнародных арганізацый, незалежныя назіральнікі.

Місія ж Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ, нягледзячы на адпаведнае запрашэньне беларускага боку, ажыцьцяўляла толькі маніторынг выбараў з прычыны абмежаванасьці рэсурсаў, зазначае МЗС.

Міністэрства з задавальненьнем адзначае "аб''ектыўнасьць і ўзважанасьць заключэньняў" і "пазытыўныя ацэнкі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, што ўтрымліваюцца ў заявах місіі назіральнікаў ад СНД, а таксама незалежных назіральнікаў”.

Гл. таксама • Назіральнікі АБСЭ прызналі беларускія выбары неадпаведнымі стандартам Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе
XS
SM
MD
LG