Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь кажа, што сьвядома ішла на акцыю пратэсту, нягледзячы на рызыку – аднаго ўжо папрасілі забраць дакумэнты зь ліцэю


Алег Грузьдзіловіч, Менск Студэнты ВНУ і тэхнікумаў зь ліку затрыманых удзельнікаў акцыі пратэсту 19 кастрычніка ў Менску апасаюцца адлічэньня з навучальных установаў.

Крутая лесьвіца ў Ленінскім судзе Менску. На ёй сваякі й сябры затрыманых мітынгоўцаў сёньня падтрымлівалі тых, каго асудзілі й адпраўлялі ў ізалятар на Акрэсьціна. А журналісты пасьпелі задаць ім некалькі пытаньняў. 18-гадовай Дашы Малдаванавай далі 10 сутак. Пакуль вядуць уніз, дзяўчына гаворыць:

(Малдаванава: ) “Мяне ня білі, усё было добра. Але ж я бачыла, як зьбівалі іншых людзей. На мітынг я прыйшла, бо ведала, што выбары былі сфальшаваныя, хацела паслухаць, што скажа пра гэта апазыцыя. Гэта будзе мой першы арышт. Як паставіцца да гэтага сям’я? Вельмі дрэнна”.

Даша вучыцца ў пэдагагічным каледжы . Там ведаюць, што яна актывістка моладзевай арганізацыі “Зубр”, і ўжо папярэджвалі: адлічаць, калі працягне сваю дзейнасьць. Гэта распавялі сяброўкі Дашы, якім за хвіліну да гэтага тэлефанавала маці затрыманай дзяўчыны.

(Дзяўчына: ) “У яе вялікі шок. Яна ня думала, што гэтак атрымаецца, што пасадзяць. Яна разумее, што будуць вялікія праблемы, ёй дрэнна, і пэўна яна будзе выклікаць хуткую дапамогу”.

Міша Кандрашоў, калі яго вывелі з кабінэту судзьдзі, быў спакойны і ўпэўнены ў сабе. На мае пытаньні юнак адказваў, не зьвяртаючы ўвагі на міліцыянта, які штурхаў яго ў сьпіну:

(Кандрашоў: ) “Мяне затрымалі за тое, што я змагаўся за Беларусь, хацеў зрабіць яе вольнай і добрай, за тое, што я супраць Лукашэнкі. Білі, заломвалі рукі. Спачатку адвезьлі ў Ленінскі райаддзел міліцыі, ноч правёў на Акрэсьціна. Усё, мам, пакуль”.

Побач была маці Міхаіла. Калі юнака вывелі з суду, Алена Кандрашова залілася сьлязьмі.

(Кандрашова: ) “Гэта несправядліва. Яму толькі што споўнілася васямнаццаць. Усе супраць Лукашэнкі, а выходзяць толькі… Як аб сьценку гарох. Колькі дзеці ні робяць… Яны хочуць лепшага жыцьця, але не атрымліваецца. А сына я падтрымліваю. Мы ўжо аджылі сваё, а ім трэба абіраць свой шлях. Ён выбраў правільны шлях. Сварыцца зь ім я за гэта ня буду”.

Алена Кандрашова распавяла, што яшчэ раніцай ёй пазванілі зь ліцэю, дзе вучыцца сын, і сказалі забіраць дакумэнты.

Суд пакараў Міхаіла на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле праваабарончага цэнтру “Вясна”, з 2001 году за ўдзел у акцыях пратэсту з навучальных установаў Беларусі адлічаныя дзясяткі студэнтаў і навучэнцаў. Апошнім часам адміністрацыі вучэльняў часьцей прыкрываюць свае дзеяньні, так бы мовіць, клясычнымі падставамі кшталту пропуску заняткаў ці акадэмічнымі запазычанасьцямі.
XS
SM
MD
LG