Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў цэнтры Менску: “Як вы ставіцеся да таго, што адбылося тут учора?”


Сьвятлана Курс, Менск Менская карэспандэнтка на месцы ўчорашніх сутыкненьняў міліцыянтаў і дэманстрантаў задавала мінакам пытаньне “Як вы ставіцеся да таго, што адбылося тут учора?”

На месцах сутыкненьняў, што адбыліся 19 кастрычніка ў Менску, я задавала мінакам пытаньне: “Як вы ставіцеся да ўчорашніх жорсткіх сутыкненьняў паміж міліцыянтамі й дэманстрантамі, падчас якіх пацярпелі дзясяткі чалавек?” Вось што адказалі мінакі ля рэстарацыі “Патыё-Піца” і ГУМу:

(Студэнтка БАМ,18 год: ) “Я стаўлюся да гэтага дрэнна. Людзі не павінныя пакутаваць”.

(Дзяўчына: ) “Я дрэнна стаўлюся. Ня ведаю чаму, але гэта так дрэнна”.

(Студэнт, 24 гады: ) “Няма чаго рабіць было тым, хто падаўся на гэтую дэманстрацыю. Трэба ж было іх супакоіць як-небудзь. Галоўнае, што ў нас вайны няма. А хто там ля кіраўніцтва, мне па барабану”.

(Жанчына, 34 гады: ) “Нічога ня бачыла і ня чула, ад вас першай чую. І ніколі ня бачыла, каб міліцыянты білі кагосьці. Выбачайце!”

(Дзьве мамы з вазочкамі: ) “Гэта рашэньне народу — рэфэрэндум. Пратэставаць бессэнсоўна”.

(Карэспандэнтка: ) “А дзеяньні міліцыянтаў не падаюцца жорсткімі?”

(Першая мама: ) “Ну, жарсткаватыя. Ня трэба быць такімі”.

(Другая мама: ) “Так, гэта было трохі жорстка. Але гэта такія мэтады. Інакш зь імі нельга”.

(Мужчына з “Аўдзі”: ) “Я супраць, супраць, супраць! Гэта дыктатура, і гэта было відаць на плошчы ўчора”.

(Жанчына: ) “Я супраць сутычак. Моладзь ня мае рацыі, бо ясна, чым гэта мусіла скончыцца. Ня гэтымі мэтадамі трэба дзейнічаць”.

(Мужчына ў скуранцы: ) “Ох, жах. Адным ня трэба нарывацца, а другім… Моцны павінны быць добрым”.

(Хлопец: ) “Вучымся, апранаемся, вайны няма, нашто пратэставаць, штосьці рабіць? Усё нармальна!”

(Дзяўчына: ) “Тое, што ўчора адбылося, і ёсьць нашая дэмакратыя”.

(Мужчына: ) “Калі гэта дапаможа зьвярнуць увагу тых, хто сапраўды вырашае тут усё (найперш Расеі), гэта слушна. Але калі ўсё будзе марна, як апошнія 5–6 год, як гэта звычайна было ў дзеяньнях апазыцыі, то будзе шкада. Моладзі ламаюць лёсы, яна зьяжджае, а гэта ж лепшыя людзі краіны”.

(Малады чалавек: ) “Усё, што рабілі міліцыянты, незаконна. Народ мае права выказаць сваю рацыю, думку”.

Шмат хто з маіх суразмоўцаў прызнаўся, што галасаваў “супраць”, але не зьбіраецца абараняць свайго выбару на вуліцах. І гэта таксама сьвядомы выбар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG