Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хвіліна і мінута


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

У зьмешчаным у шэрагу газэт і ў Інтэрнэце новым раскладзе перадач беларускай “Свабоды” зазначана, што выпускі навінаў гучаць цяпер “кожныя 15 мінут”. Наш слухач Сяргей Лапуць даслаў пытаньне: чаму ў раскладзе мінуты, а не хвіліны?

Словы хвіліна й мінута раўнапраўныя ў нашай мове ў значэньні 60 часткі гадзіны – 60 сэкундаў. Мінута – назоўнік лацінскага паходжаньня, у даслоўным перакладзе – ‘маленькая, дробная’. У сярэднявечнай лаціне было спалучэньне pars minūta prima ‘першая малая частка (гадзіны)’. У старабеларускай мове минута ўжывалася ня толькі ў часавым сэнсе, але й на абазначэньне кароткай выпіскі, копіі. Да прыкладу, у тэксьце 1495 году чытаем: “минуту, выписаную съ тыхъ книгъ, передъ нами вказывали”. Для народнай беларускай мовы ХІХ – ХХ стст. мінута й яе фанэтычны варыянт мінюта характэрныя ўжо толькі ў часавым значэньні. “Сорак мінют прайшло, а яе няма”, – гэты зэльвенскі сказ з “Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”.

Бачым, што слова мінута мае шматвяковую традыцыю ўжываньня ў нашай мове. У нас яно, дарэчы, зьявілася на пару стагодзьдзяў раней, чымся ў расійскай мове. Тым ня менш часта ў літаратурным маўленьні мы сьвядома дыстанцыюемся ад мінуты, аддаем перавагу слову, якога няма ў расійскім лексыконе, – назоўніку хвіліна. Яго вытокі – у старажытнаверхненямецкім слове hwīl (hwīla) – даслоўна ‘час, гадзiна, iмгненьне’.

Незалежна ад нашых сымпатыяў да канкрэтнага слова памятайма, што 60 частку гадзіны можам назваць па-беларуску як хвілінаю, так і мінутаю: навіны ў эфіры беларускай “Свабоды” гучаць кожныя 15 хвілін або 15 мінут.
XS
SM
MD
LG