Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежным тэлежурналістам забаранілі перадаваць падрыхтаваныя сюжэты праз тэлекампанію “Мір”


Ігар Карней, Менск Як ужо паведамляла Свабода, 19 кастрычніка акрэдытаваным у Беларусі замежным тэлекампаніям забаранілі перадаваць праз кампанію “Мір” зьнятыя сюжэты пра гвалтоўны разгон уладамі апазыцыйнай акцыі пратэсту. У офісе беларуска-расейскай тэлерадыёкампаніі спасылаюцца на праблемы са спадарожнікам, якія нечакана ўзьніклі якраз 19 кастрычніка. Журналісты замежных СМІ перакананыя, што загад на забарону аддалі беларускія ўлады.

Падчас акцыі 19 кастрычніка найбольш пацярпела здымачная група расейскай кампаніі НТВ. У апэратара Канстанціна Марозава міліцыянты разьбілі камэру, а пераганяць падрыхтаваны сюжэт давялося праз калегаў са Смаленску — тэлекампанія “Мір”, магутнасьцямі якой звычайна карыстаюцца расейскія тэлевізійнікі, даць студыю нечакана адмовіліся. У карэспандэнцкім пункце НТВ ў Менску лічаць, што падобны загад быў ініцыяваны з вышэйшых інстанцыяў.

(Супрацоўнік карпункту НТВ: ) “Нам “перагон” забаранілі, і цяпер чакаем — адчыняць ці не. Але ў гэтым сэнсе ад кампаніі “Мір” таксама мала што залежыць. Тым ня меней, сюжэты зь Беларусі ідуць, “перагоны” ажыцьцяўляюцца са Смаленску, Вільні. Проста на гэта ідзе болей нэрваў, часу, дарогі і г.д. Але добра, што ёсьць яшчэ Літва, Латвія, Расея, Польшча”.

У тэлерадыёкампаніі “Мір” сытуацыю называюць “непрыемнай накладкай” і кажуць, што найбліжэйшым часам тэлевізійнікі зноў змогуць карыстацца паслугамі студыі. Гаворыць Міхаіл Грыбаў:

(Грыбаў: ) “Атрымалася “накладка”. У нас стаіць на антэне ўзмацняльнік, празь якія ідуць два каналы, — Беларускае тэлебачаньне і адзін наш канал. Гэтае прыстасаваньне выйшла са строю. БТ адключыць, каб штосьці наладзіць, мы ня можам, гэта ня ў нашай уладзе. Калі б у нас не было БТ, ці БТ на некаторы час мы маглі з эфіру зьняць, то маглі б адрамантаваць тэрмінова — няма пытаньняў”.

Спадар Грыбаў дадаў, што адключэньне Першага каналу патрабуе шмат узгадненьняў на вышэйшым узроўні, таму рамонтныя працы, хутчэй за ўсё, пачнуцца ўначы, калі канал не працуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG