Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Washington Post" пра выбары і рэфэрэндум: “Гвалтаваньне Беларусі”


Падрыхтаваў Юры Дракахруст, Прага “Гвалтаваньне Беларусі” – артыкул пад такой назвай 19 кастрычніка апублікавала “Вашынгтон Пост” у рэдактарскай калёнцы. “Апытаньне інстытуту Гэлапа павінна стаць падмуркам для адзінай пазыцыі адміністрацыі Буша й эўрапейскіх урадаў у дачыненьні Беларусі” – піша рэдактар “Вашынгтон Пост”

Высілкі Захаду па прадухіленьні кансалідацыі ў руках спадара Лукашэнкі ўлады, у тым ліку й выдзяленьне Злучанымі Штатамі дзесяткаў мільёнаў даляраў на дэмакратычныя пратэсты і дзейнасьць апазыцыйных групаў, у масе сваёй сталіся неэфэктыўнымі. Аднак важнай была ініцыятыва, зробленая інстытутам Гэлапа – незалежнае апытаньне грамадзкай думкі. Было выяўлена, што менш за 50% выбаршчыкаў насамрэч падтрымліваюць зьмены ў Канстытуцыю, прапанаваныя спадаром Лукашэнкам. Гэта павінна стаць падмуркам для адзінай пазыцыі адміністрацыі Буша й эўрапейскіх урадаў. Чакаецца, што на гэтым тыдні Джордж Буш падпіша “Акт аб дэмакратыі для Беларусі”. І гэта толькі пачатак.

Спадар Буш павінен таксама зьвярнуць увагу на ўрад, які вельмі хутка прызнаў беларускія выбары справядлівымі і дэмакратычнымі – на Расею. Прэзыдэнт Пуцін, магчыма, і кепска ставіцца да Лукашэнкі, які мае намер калі-небудзь узначаліць адноўлены СССР. Аднак Пуцін лічыць Лукашэнку карысным для ўсталяваньня палітычнай улады Масквы над шэрагам краінаў, якія ляжаць паміж Расеяй і Эўразьвязам.

Дзякуючы расейскім энэргетычным субсыдыям і падаўленьню дэмакратыі Лукашэнка вельмі залежыць ад Пуціна. Расейскі прэзыдэнт падтрымлівае схільнага да сілавых дзеяньняў кандыдата на прэзыдэнта на Ўкраіне. Да канца года Пуцін можа ізноў атрымаць пад свой кантроль імпэрыю, а 60 мільёнаў эўрапейцаў, якія сталі грамадзянамі незалежных дзяржаваў у 1991 годзе, ізноў апынуцца пад кантролем Крамля.

Спадар Буш мог бы выступіць супраць імпэрыялізму спадара Пуціна. Большасьць беларусаў у нядзелю прагаласавалі супраць умацаваньня дыктатуры ў іх краіне. Зараз яны бачаць, што Масква ўхваляе іх прыгнёт. Калі яны пачуюць, што амэрыканскі прэзыдэнт падтрымлівае іх свабоду– ад дыктатуры і ад замежнага ўплыву – то ў іх зьявяцца падставы для надзеі. Больш таго, і іншыя народы Эўразіі ўбачаць, што паміж зьнешнімі палітыкамі спадароў Буша й Пуціна ёсьць істотныя адрозьненьні”.
XS
SM
MD
LG