Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 кастрычніка нарадзіліся Адам Нарушэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Арцюр Рэмбо й Эльфрыдэ Елінэк


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 20 кастрычніка

20 кастрычніка 1655 году ў мястэчку Кейданы падпісваецца міждзяржаўная дамова, якая замацавала Унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Швэдзкім Каралеўствам. Дамову падпісалі вялікі гетман Януш Радзівіл і швэдзкі кароль Карл Х Густаў. Гэтым дакумэнтам скасоўвалася Унія Вялікага Княства з Польшчай, бо цяпер войска нашых продкаў павінна было ваяваць разам са швэдамі як супраць расейцаў, так і супраць палякаў. Аднак зьдзейсьніцца гэтай Уніі ня выпала, бо супраць Януша Радзівіла ўзбунтавалася ягонае ўласнае войска. Дамова 1655 году ўвайшла ў гісторыю пад назваю Кейданская унія.

20 кастрычніка 1733 году ў Пінску нарадзіўся Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч, беларускі гісторык, паэт, перакладчык, рэлігійны дзеяч. Ён скончыў пінскі калегіюм, затым вучыўся ў Эўропе. Пасьля выкладаў у Віленскай Акадэміі паэтыку й рыторыку, быў біскупам. Адам Нарушэвіч – аўтар шматлікіх одаў, ідыліяў, сатырычных твораў. Ён сабраў унікальную бібліятэку й выдаў першую гісторыю нашых краёў у сямі тамах.

20 кастрычніка 1883 году ў засьценку Калесьнікі на Дзісеншчыне нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі, беларускі пісьменьнік, гісторык, публіцыст і палітычны дзяяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня. Ад 1906 году Ластоўскі жыў у Вільні, быў сакратаром рэдакцыі “Нашай Нівы”. Пазьней быў прэм’ерам Ураду БНР, выдаваў часопіс “Крывіч”, склаў “Расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік” і выдаў фундамэнтальную “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”. У 1927 годзе пераехаў у Менск. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі – акадэмік і сакратар Акадэміі навук БССР. У 1930 годзе Ластоўскага арыштавалі і празь дзесяць месяцаў турэмнага зьняволеньня выслалі ў Саратаў. У 1938 годзе яго расстралялі.

20 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі паэт-сымбаліст Арцюр Рэмбо (яму сёньня спаўняецца 150 гадоў), аўстрыйская пісьменьніца Эльфрыдэ Елінэк, сёлетняя ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, і беларускі паэт Юрка Голуб, які паходзіць з Зэльвенскага раёну, а жыве ў Горадні.
XS
SM
MD
LG