Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выставу Шагала ў Віцебску за месяц працы экспазыцыі наведала толькі дзьве тысячы чалавек


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд беларускага друку

Шматдзетная маці галадоўкай выбіла сабе кватэру, апавядае сёньняшняя “Камсамолка”. Дагэтуль сям’я, дзе гадуецца 9 дзяцей, жыла ў невялікай трохпакаёвай кватэры. У мінулы панядзелак маці, Алена Хромава, абвясьціла галадоўку – у выніку ёй паабяцалі яшчэ адну трохпакаёвую кватэру на той жа вуліцы. Цяпер яна ня ведае, як будзе дзяліць з мужам дзяцей, бо іншых варыянтаў яны ня маюць. Вельмі часта чыноўнікі задаюць жанчыне пытаньне: а ці не надакучыла вам пладзіцца?

Галкіпэр беларускай футбольнай зборнай Васіль Хамутоўскі ў часе матча зь італьянцамі страціў памяць, і пасьля заканчэньня гульні ня здолеў згадаць, як клічуць ягоную дачку. Яшчэ ў першым тайме ён атрымаў сатрасеньне мазгоў. Цяпер Васіль Хамутоўскі пачуваецца нармальна, але да новых трэніровак прыступіць не адразу, піша “Камсамолка”.

Выставу Шагала ў Віцебску за месяц працы экспазыцыі наведала толькі дзьве тысячы чалавек, паведамляе “Витебский курьер”. Унучка мастака Мэрэт Мэер-Грабэр засмучаная гэтым фактам. Тры папярэднія выставы, створаныя з калекцыяў нашчадкаў Шагала, зьбіралі большую колькасьць людзей. Прычыны такой зьявы могуць быць розныя: “мэртвы сэзон” у культурным жыцьці горада, неадназначнае стаўленьне ўладаў да папулярызацыі імя мастака на радзіме. Але, верагодна, тут можна казаць у першую чаргу пра агульную нізкую культуру грамадзтва.

Беларускія дзеці, народжаныя пасьля 1994 году, ужо не ўяўляюць, што можна жыць без Лукашэнкі. Ім падаецца, што ён быў заўсёды, і яны не разумеюць, як іхныя бацькі маглі галасаваць супраць яго. Такімі назіраньнямі дзеліцца карэспандэнтка “Курьера из Борисова” Ганна Гольдзіна. Таксама аўтарка распавядае такую гісторыю: у адным зь беларускіх летнікаў, арганізаваным эўрапейскай дабрачыннай арганізацыяй, дзецям ненавязьліва тлумачылі, што такое выбары. Штодня ім раздавалі карткі-бюлетэні, якія, уваходзячы ў сталовую, трэба было пакласьці ў кішэньку з назвай пэўнага мультфільма. Які мультфільм набіраў болей галасоў, той усе дзеці й глядзелі. Дык вось, усяго за тыдзень госьці летніка навучыліся ўплываць на рэпэртуар. Яны прызначалі чалавека, які прыходзіў у сталовую апошнім і перакладваў усю стопку картак у адну кішэньку. Для праўдападобнасьці ў іншых кішэньках пакідалі некалькі бюлетэняў.
XS
SM
MD
LG