Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмік Вайтовіч: “Калі Расея будзе і ў будучым падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку, гэта, на вялікі жаль, прывядзе да нагнятаньня ў Беларусі антырасейскіх настрояў”


Юры Дракахруст, Прага “Цяперашнюю ўладу ў Беларусі немагчыма зьмяніць цывілізаванымі дэмакратычнымі мэтадамі”. Такую думку выказаў дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас 19 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, якая прайшла ў Інстытуце разьвіцьця незалежнай прэсы.

Паводле яго слоў, такую выснову можна зрабіць пасьля адбытых у Беларусі выбараў у Палату прадстаўнікоў і рэфэрэндуму. Ён зазначыў, што ўлада ў краіне сёньня трымаецца на боязі людзей страціць працу, таму што большасьць насельніцтва занятая ў бюджэтнай галіне і на падкантрольных дзяржаве прадпрыемствах, пераведзена на сыстэму найму на працу па кароткатэрміновым кантракце. “У сваёй дзейнасьці мы ўлічым усе гэтыя акалічнасьці й вельмі разьлічваем на падтрымку міжнароднай супольнасьці. У адваротным выпадку, нам давядзецца расцаніць яе пазыцыю як здрадніцкую”, сказаў У.Колас.

Акадэмік Аляксандр Вайтовіч, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве, выказаў меркаваньне, што немагчыма шляхам галасаваньня “стратэгічна спадзявацца” на зьмяненьне дзеючай у краіне сыстэмы. “Пытаньне ж аб удзеле ў выбарах носіць тактычны характар”, заўважыў вучоны. На яго думку, для зьмяненьня палітычнай сытуацыі ў краіне неабходна прыцягваць новую генэрацыю палітыкаў. “Калі Расея будзе і ў будучым падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку, гэта, на вялікі жаль, прывядзе да нагнятаньня ў Беларусі антырасейскіх настрояў”, сказаў вучоны.

Старшыня Рады беларуска-расійскага фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў лічыць, што сытуацыю ў краіне можа зьмяніць сацыяльны выбух, або шляхам зьнешняга ціску на цяперашняе кіраўніцтва. Васіль Лявонаў назваў тое, што адбылося ў Беларусі ў пэрыяд з 12 па 17 кастрычніка “бездакорна праведзенай спэцапэрацыяй пад кодавай назвай “Выбары і рэфэрэндум – 2004”. “Аднак наступствы гэтай спэцапэрацыі вельмі небясьпечныя. Яны небясьпечныя ў тым, што калі пяць гадоў таму большасьць беларусаў былі гатовы да інтэграцыі з Расеяй, то цяпер большасьць насельніцтва нэгатыўна ставіцца да гэтай пэрспэктывы. Прычым гэтую большасьць складае інтэлігенцыя й моладзь”, падкрэсьліў Васіль Лявонаў.

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка падкрэсьліла, што беларускае насельніцтва яшчэ не ўсьвядоміла глыбіні трагедыі 17 кастрычніка, калі па выніках рэфэрэндуму ў краіне быў зьменены дзяржаўны лад.

Паэт Генадзь Бураўкін заявіў, што выбары й рэфэрэндум у Беларусі сталі ня ўнутранай справай краіны. “Калі паглядзець беларускае тэлебачаньне ў першай палове кастрычніка, складваецца ўражаньне, што гэтыя падзеі сталі ўнутраным расійскім мерапрыемствам, таму што многія дзеячы расійскай палітыкі, навукі й культуры, у тым ліку Павел Барадзін, Сяргей Бабурын, Аляксандр Шылаў, Жарэс Алфёраў, Станіслаў Куняеў, Уладзімір Рушайла з тэлеэкрана ня раз заклікалі беларускіх выбаршчыкаў падтрымаць Аляксандра Лукашэнку і яго курс”, сказаў Генадзь Бураўкін. Ён выказаў зьдзіўленьне палітыкай кіраўніцтва Расеі, якое ніяк не ацаніла дзяржаўны пераварот у Беларусі, зьвязаны зь ліквідацыяй аднаго з асноўных прынцыпаў канстытуцыйнага права – зьмяняльнасьці ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG