Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў: “Міжнародныя назіральнікі”, запрошаныя на выбары й рэфэрэндум уладамі Беларусі, выконвалі прапагандысцкія задачы


Галіна Абакунчык, Менск Па выніках галасаваньня на выбарах і рэфэрэндуме Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзкасьці замежжа й міжнароднымі назіральнікамі. Паводле афіцыйных паведамленьняў, міжнародныя экспэрты далі высокую ацэнку ўсёй кампаніі, назваўшы выбары справядлівымі й дэмакратычнымі. Камэнтары гэтай групы назіральнікаў таксама шмат трансьляваліся празь дзяржаўнае радыё й тэлебачаньне. Аднак вядома, што Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ, дае процілеглую ацэнку і выбараў і рэфэрэндуму – як неадпаведную стандартам Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе.

Каго рэпрэзэнтавалі міжнародныя назіральнікі, якіх прымаў Аляксандр Лукашэнка? Гэтыя людзі рэпрэзэнтавалі выключна саміх сябе, альбо нейкія грамадзкія арганізацыі, чальцамі якіх яны зьяўляюцца. Да прыкладу, прафэсар з Баўгарыі, ён жа старшыня Фэдэрацыі дружбы з народамі Расеі й СНД Захары Захарыеў заявіў, што пераканаўчым паказчыкам эканамічных посьпехаў Беларусі ёсьць тое, што людзі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі й прагаласавалі гэткім чынам. Ці мае нейкае дачыненьне гэтае выказваньне альбо прысутнасьць спадара Захарыева ў Беларусі да афіцыйнай пазыцыі ўраду Баўгарыі, я пацікавілася ў амбасадзе гэтай краіны, вось што пра свайго суайчыньніка паведаміла сакратар амбасады:

(Сакратарка: ) “Захары Захарыеў – ягоная прысутнасьць у Беларусі – выключна асабістая ініцыятыва. Ён зьвязаны не зь дзяржаўнай арганізацыяй, а грамадзкай – гэта фонд “Славяне”. То бок, гэта выключна ягонае меркаваньне, ніякім чынам не зьвязанае зь меркаваньнем ураду Баўгарыі”.

Прыкладна гэткія ж назіральнікі гэтай групы прыехалі таксама й з іншых краінаў. Да прыкладу, Франц Масэр зь Нямеччыны ёсьць кіраўніком паліцыі ў адстаўцы, Міхаіл Маргуліс са Злучаных Штатаў Амэрыкі ўзначальвае Міжнародную асацыяцыю “Хрысьціянскі мост”.

Але былі таксама й палітыкі, як, да прыкладу, дэпутат польскага Сойму Анджэй Леппэр. Некаторыя з гэтых асобаў добравядомыя ў Беларусі з 2001 году, ад часу другіх прэзыдэнцкіх выбараў. Менавіта тады ўпершыню была ўведзеная практыка запрашэньня так званых альтэрнатыўных назіральнікаў – паведаміў у інтэрвію радыё Свабода колішні намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саньнікаў.

(Саньнікаў: ) “Амбасадары Беларусі за мяжой атрымалі заданьні знайсьці такіх людзей, якія прыехалі б у краіну за кошт Беларусі, пагулялі б тут і падпісалі пэўныя заявы. Гэта бізнэсоўцы, прадстаўнікі невядомых арганізацыяў, якія маюць тут пэўны бізнэс-інтарэс. Дарэчы, не заўсёды легітымны бізнэс-інтарэс. Яны нікога не прадстаўляюць: не магу сабе ўявіць, каб той жа Маргуліс абмяркоўваў становішча па Беларусі з амбасадай ЗША. Той жа Леппэр – кіраўнік польскай самаабароны й вядомы ў польскім Сойме сваімі паводзінамі “а-ля Лукашэнка”. Са Славаччыны паказвалі двух дэпутатаў – гэта фракцыя камуністаў. Яны атрымліваюць тут ільготы ў бізнэсе, альбо проста за кошт краіны гуляюць”.

Адмыслоўцы мяркуюць, што сэнсам візытаў гэтых назіральнікаў і іхных заяваў ёсьць прадэманстраваць выбарцам нібыта міжнароднае прызнаньне дэмакратычнасьці выбараў і схаваць сапраўдныя высновы, зробленыя назіральнікамі, дэлегаванымі міжнароднай супольнасьцю. Вось што кажа спадар Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Гэта выкарыстоўваецца для прапаганды, і толькі на тэрыторыі Беларусі. Ізноў жа – у 2001 годзе парлямэнтарыі некаторых заходніх краінаў мелі клопаты ў сваіх парлямэнтах у зьвязку са сваімі выказваньнямі ў падтрымку Лукашэнкі. Назіраньні ў Беларусі праводзіла АБСЭ – яны маюць паўнамоцтвы праводзіць такое назіраньне й рабіць адпаведныя высновы, што яны й зрабілі”.
XS
SM
MD
LG