Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюлетэні, дзе былі галасы за дэмакратычных кандыдатаў, псавалі наўмысна


Алесь Дашчынскі, Менск У Цэнтрвыбаркаме абяцаюць падлічыць да пятніцы колькасьць несапраўдных бюлетэняў па рэфэрэндуме. Сакратар камісіі Мікалай Лазавік цьвердзіць, што гэтая лічба істотна не паўплывае на абвешчаныя вынікі. Паводле вынікаў экзыт-пола, праведзенага інстытутам Гэлапа, больш аднаго працэнта выбарцаў сапсавалі гэты бюлетэнь.

Як паставіліся выбарцы да закліку парваць рэфэрэндумны бюлетэнь на 2 часткі ды забраць адну з сабой? Дзесяткі такіх кавалкаў выбарцы прынесьлі на сядзібу БНФ і ў іншыя грамадзкія арганізацыі. Паводле назіральнікаў “Партнэрства”, найбольшая колькасьць сапсаваных бюлетэняў была ў Старавіленскай акрузе ў Менску: тут іх было каля 8 працэнтаў. Гаворыць старшыня “Партнэрства” Мікалай Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Камісія доўга думала, якім чынам лічыць гэтыя бюлетэні, таму што сапсаваныя яны былі па рознаму: ці то парваныя напалову, ці то застаўся адзін маленечкі кавалачак ад бюлетэня, ці то гэты бюлетэнь быў абарваны па кругу. Карацей, там варыянтаў было вельмі шмат. У рэшце рэшт большасьць камісій па гэтай акрузе вырашылі, што тыя бюлетэні, на якіх засталіся подпісы сябраў камісіі, лічацца сапраўднымі, а тыя, дзе хоць адзін з подпісаў адараваны – несапраўднымі”.

Некаторыя грамадзяне проста забіралі бюлетэнь па рэфэрэндуме з сабой.

Яшчэ, паводле назіральнікаў, колькасьць бюлетэняў па рэфэрэндуме, за якія расьпісаліся выбарцы, часта розьнілася з колькасьцю бюлетэняў, знойдзеных у скрыні. Да прыкладу, на Шабаноўскай выбарчай акрузе ў Менску не хапала 4,5 працэнта бюлетэняў па рэфэрэндуме, хаця па выбарах у скрынях былі ўсе бюлетэні.

Калі бюлетэні па рэфэрэндуме часьцей ірвалі, то на бюлетэнях па выбарах грамадзяне пакідалі свае надпісы, цьвердзіць Мікалай Астрэйка.

(Астрэйка: ) “Вельмі часта пісалі “не” альбо “нет” на бюлетэнях. Такіх выпадкаў па ўсёй краіне ў нас зафіксавана дастаткова шмат. Вельмі часта пісалі “надоел” і шмат больш грубыя выразы”.

Паводле сябра гарадзкой камісіі па рэфэрэндуме Аляксандра Шутава з Воршы, сустракаліся на бюлетэнях дрэнныя словы на адрас прэзыдэнта. Спадар Шутаў прыводзіць прыклад, калі пэўным чынам наўмысна псаваліся бюлетэні па выбарах:

(Шутаў: ) “Па Аршанскай Дняпроўскай выбарчай акрузе №27 атрымалася больш за 25 працэнтаў сапсаваных бюлетэняў, якія былі прызнаны несапраўднымі.Там, дзе былі галасы за дэмакратычных кандыдатаў, у бюлетэнях ставілі яшчэ адзін знак. А на асобных участках лічба несапраўдных бюлетэняў была больш за 50 адсоткаў”.

(Карэспандэнт: ) “Гэтае псаваньне было наўмысным?”

(Шутаў: ) “Наўмысным, канешне, па загадзе з райвыканкама”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG