Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Краснапольскі раён мог патрапіць у кнігу рэкордаў Гінэса


Сяргей Навумчык, Прага Паводле папярэдніх дадзеных выбарчай камісіі, у Краснапольскім раёне на рэфэрэндуме за прапанаваныя Лукашэнкам зьмены ў Канстытуцыю прагаласавалі 99,5% выбарцаў Касьцюковіцкай выбарчай акругі. Да кнігі рэкордаў не хапіла вельмі мала: 0,5%.

Гісторыя ведае няшмат выпадкаў, выпадкі, калі на галасаваньнях дасягалася лічба ў 99 адсоткаў. Так, у 1938 годзе на арганізаваным Адольфам Гітлерам рэфэрэндуме аб далучэньні Аўстрыі да Нямеччыны аншлюс падтрымалі: ў Аўстрыі – 99, 75%, у Нямеччыне – 99,08% (на рэфэрэндуме 1934 г. аб сумяшчэньні пасадаў канцлера і прэзыдэнта Гітлера падтрымалі “толькі” 95%).

У Савецкім Саюзе ў пасьлясталінскія часы на выбарах за “кандыдатаў блёку камуністаў і беспартыйных” 99% рэдка калі дасягаліся – звычайна абвяшчаліся лічбы кшталту 97,8% – 98,7% адсоткаў.

Такім чынам, лічба ў 99,5% “за”, выдадзеная краснапольскай “вэртыкальлю”, хоць і пераўзыходзіць паказчыкі гітлераўскай Нямеччыны альбо брэжнеўскага Савецкага Саюзу, аднак яна недастатковая, каб патрапіць у кнігу рэкордаў Гінэса.

Паводле Гінэса, у кастрычніку 1962 г. у Паўночнай Карэі на выбарах 100% выбарцаў аддалі свае галасы за кандыдатаў ад Працоўнай партыі Карэі на чале з Кім Ір Сэнам. У 1982 годзе на выбарах у Альбаніі 99,9999% прагаласавалі за Камуністычную партыю.

Такім чынам, каб патрапіць у кнігу рэкордаў Гінэса, краснапольцам не хапіла 0,5% галасоў.
XS
SM
MD
LG