Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Духоўную зону” Менску абмяжуюць тры храмы й муляж гарадзкое ратушы


Галіна Жарко, Менск У зацьверджанай 14 кастрычніка Саветам міністраў праграме разьвіцьця гістарычнага цэнтра Менску вызначаныя ягоныя межы й заплянаванае стварэньне функцыянальных зонаў. “Духоўную зону” абмяжуюць тры храмы й муляж гарадзкое ратушы.

Апроч “духоўнае”, у старажытнай частцы Менска заплянаванае стварэньне іншых зонаў. Траецкае прадмесьце павінна стаць асяродкам разьвіцьця народных рамёстваў. Тут, паводле пляну, зьявяцца стылізаваныя кавярні й лаўкі майстроў, дзе будуць вырабляць ды прадаваць сувэніры з саломы, дрэва, а таксама адзеньне й ўпрыгожаньні ў беларускім народным стылі.

“Духоўная зона”, як назваў яе галоўны архітэктар сталіцы Руслан Белагорцаў, таксама яшчэ не завершаная. Не хапае Духоўнае акадэміі, якая паўстане паблізу царквы Сьвятога Духа. Паводле словаў галоўнага архітэктара, “духоўная зона” будзе ў межах галоўнага праваслаўнага храму, каталіцкае катэдры Дзевы Марыі, царквы Пятра й Паўла ды менскае ратушы.

Што да ратушы, дык сапраўдным сымбалем адраджэньня гістарычнае часткі Менску яна ня стала. Дый увогуле адбудова архітэктурных помнікаў адбываецца ня ў прынцыпах захаваньня гістарычнае памяці. Вось меркаваньне кіраўніка Менскага таварыства аховы помнікаў Уладзімера Дзянісава.

(Дзянісаў: ) “Уся гістарычная забудова, пачынаючы з 1946 году паводле генэральных плянаў рэканструкцыі Менска, павінная была быць зьнішчаная. Але й зараз дабіваюць. Як атрымалася з ратушай. Паставілі макецік ратушы нават трошкі непадобны на аўтэнтычны. І адначасова зьнішчылі аўтэнтычныя канструкцыі падземныя, якія былі раскапаныя падчас археалягічных дасьледаваньняў. Другі прыклад. У Верхнім горадзе плянавалася ў сувязі з праграмай аднаўленьня страчаных помнікаў гісторыі й культуры аднавіць старажытныя гандлёвыя рады. Замест гэтага пабудавалі піўны рэстаран. Прычым помнік сам не аднаўляўся. Была адноўленая толькі частка фасаднае сьцяны. Гэта абсалютна новы будынак па памерах. Больш таго, былі зьнішчаныя старажытныя могілкі побач з касьцёлам бэрнардынцаў, дзе былі пахаваныя фундатары й манахі гэтага манастыра. А косткі былі проста вывезеныя на сьметнік”.

Паводле новага пляну на вуліцы Гандлёвай плянуецца пабудаваць гатэль у гістарычным стылі. Нядаўна, будуючы ратушу, ахвяравалі старажытным сквэрам на плошчы Свабоды й выдатным помнікам малых архітэктурных форм – фантанам 30-х гадоў. А некалі, у 80-я, ідэі адбудовы менскае ратушы нацыянальна сьвядомая моладзь надавала сымбалічны сэнс. Быў заведзены банкаўскі рахунак, нефармальнае моладзевае аб’яднаньне “Талака” шчыравала прапагандуючы гэтую ідэю. Яна мусіла нагадаць аб незалежнасьці, набытай праз Магдэбурскае права.

У якія тэрміны павінная быць выкананая праграма разьвіцьця гістарычнае часткі Менску?

Цалкам аднаўленьне павіннае завершыцца да 2010 году, але асноўныя работы будуць выкананыя яшчэ ў 2006-2007. Да канца лістапада працягваецца конкурс на лепшы праект архітэктурнага рашэньня гэтае тэрыторыі. Гэта звычайная практыка, але ўдзельнікі ранейшых конкурсаў прапаноўвалі такія радыкальныя праекты, што дзіўна, як у Менску ўвогуле захавалася нейкая старажытная архітэктура.

(Дзянісаў: ) “Да вайны Менск усё яшчэ быў сапраўдным эўрапейскім горадам. Дастаткова паглядзець на фотаздымкі, зробленыя зь невялікае вышыні з самалёта ў першыя дні акупацыі Менска нямецкімі войскамі. Менск пасьля вайны будаваўся як абсалютна новы горад. Горад у стылі сацыялістычнага рэалізму. У 1970 годзе быў абвешчаны конкурс на дэтальную пляніроўку цэнтральнае часткі Менску. Тады плянавалася зруйнаваць стары горад і прадоўжыць гэты ансамбаль да вуліцы Няміга. На месцы праваслаўнага катэдральнага сабору (гэта былы касьцёл і кляштар бэрнардынак) плянавалася пабудаваць хмарачос – дом ведаў”.

З домам ведаў не атрымалася. А вось Палац рэспублікі стаіць на месцы помніка архітэктуры 17 стагодзьдзя Дамініканскага кляштару.

Гэты помнік моцна пацярпеў у вайну. Зь нямецкага боку была спагнаная кампэнсацыя за пашкоджаньне будынку і сродкі для правядзеньня рэстаўрацыйных работ. Каштарыс у пераліку на сёньняшнія грошы складаў каля 10 мільёнаў даляраў. Але куды падзеліся гэтыя грошы невядома, бо Дамініканскі кляштар ня сталі аднаўляць, а проста ўзарвалі ў 1952 годзе.
XS
SM
MD
LG