Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская вёска Янукі — гістарычная радзіма прэм’ер-міністра Ўкраіны Віктара Януковіча


Ягор Маёрчык, Янукі, Докшыцкі раён Віцебшчыны Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Каб дабрацца да Янукоў, трэба з райцэнтру Докшыцы накіравацца ў сельсавет Ваўкалаты. Там павярнуць на Гарадзішча, і за ім па лясной дарозе. На скрыжаваньні тут стаіць указальнік “Янукі 2 кілямэтры”. Уся дарога ад Докшыцаў да ваколіцаў Гарадзішча адметная тым, што платы сядзібаў, што ўздоўж дарогі, маюць аднолькавы колер і аднолькавыя памеры.

Мясцовыя жыхары цьвердзяць, што агароджу ўсталявалі адмыслова да прыезду Віктара Януковіча. Гэтая акалічнасьць яднае спадара Януковіча і спадара Лукашэнку. Вядома, калі кіраўнік Беларусі езьдзіць па рэгіёнах, у вёсках, дзе ён зьяўляецца, таксама робяць касмэтычны рамонт. Але цывілізацыя заканчваецца пасьля ўказальніка. Далей ідзе звычайная неасфальтаваная дарога. На праезнай частцы тут насыпаны пясок. Прайшоў дождж, і глеба разьмякла. Нашая машына забуксавала ў адной з лужынаў, і апошні кілямэтар прыйшлося дабірацца пешшу.

Першай у Януках мяне сустракае пэнсіянэрка Аквяліна Януковіч. На твары заўважаю зьдзіўленьне. У вёсцы ўсяго шэсьць жыхароў. Нетутэйшы чалавек у гэтых глухіх краях — вялікая рэдкасьць.

(Карэспандэнт: ) “Нешта да Гарадзішча я дабраўся, а далей у вас такая дарога, што ішоў пешшу”.

(Аквяліна Януковіч: ) “Дык гэта яшчэ яе падправілі. Дарога была ніякай. Колькі мы пра гэта пісалі й прасілі, каб паправілі, але ніхто ня правіў. А тады перад ягоным прыездам тут лёталі за тры дні. Пясок вазілі, засыпалі тут усё і раўнялі. Да нас тут трохі дарогу паправілі, а туды далей ня правілі”.

(Карэспандэнт: ) “Падправілі да таго месца, куды Януковіч прыяжджаў?”

(Аквяліна Януковіч: ) “Ну, толькі сюды”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму там не падправілі?”

(Аквяліна Януковіч: ) “А вы ў іх запытайцеся, чаму? Хто ж іх ведае. Ня хоча гэтае начальства”.

(Карэспандэнт: ) “Даўно ён да вас прыяжджаў?”

(Аквяліна Януковіч: ) “Летась. Зрабілі тут рэстарацыю. І там яго сустракала ўсё начальства”.

(Карэспандэнт: ) “А рэстарацыю яны дзе рабілі? Тут на полі?”

(Аквяліна Януковіч: ) “Вось тут, ля маёй хаты. Добра яго сустрэлі. І мы радыя былі, што адшукаўся наш чалавек. Нашых людзей поўна па ўсім сьвеце: і ў Амэрыцы, і ў Англіі, і чорт ведае дзе яшчэ. І ніхто на адгукаецца. А гэты з Украіны адгукнуўся. І нам хочацца, каб яго абралі. Можа б ён яшчэ тады да нас прыехаў”.

(Карэспандэнт: ) “Чалавек можа прыехаць і проста так. Навошта яму для гэтага станавіцца прэзыдэнтам?”

(Аквяліна Януковіч: ) “Можа. Ён з усімі намі добра абышоўся — вунь які харошы”.

(Карэспандэнт: ) “Ён нават лепшы за Лукашэнку?”

(Аквяліна Януковіч: ) “Натуральна што так. Гэта ж нашыя карані!”

(Карэспандэнт: ) “А-га! Я ўсё зразумеў. Як абралі Лукашэнку, адрамантавалі ўвесь Шклоў. І вы спадзеяцеся, што калі выберуць Януковіча, адрамантуюць вашыя Янукі”.

(Аквяліна Януковіч: ) “Так. Ён нават прасіў і прапаноўваў нашаму начальству, каб нешта тут пабудавалі, каб не прапала вёска. Яны сказалі “Добра! Будзем старацца!” Дык вось як яны стараюцца. Дэкляравалі — і ўсё накрылася”.

Даведка: Янукі — гістарычная радзіма дзейнага кіраўніка ўраду Ўкраіны і аднаго з кандыдатаў на прэзыдэнта гэтай краіны Віктара Януковіча. Ягоны дзед выехаў, калі на гэтых землях паўставаў калгас “Савецкая Беларусь”. Леанід Кучма абвесьціў Віктара Януковіча сваім спадкаемцам. Кандыдат выступае за больш шчыльныя сувязі з Расеяй і за наданьне расейскай мове афіцыйнага статусу. Асноўным супернікам на выбарах можа стаць зарыентаваны на Эўропу Віктар Юшчанка.

Сказаць, што Янукі вёска — вельмі гучна. Тут ацалела некалькі хатаў; стаяць на пагорках, адлегласьць між імі — некалькі дзясяткаў мэтраў, гэткі амаль хутарны лад. Праз дарогу — колькі старых вербаў, паламаныя галінкі вельмі небясьпечна гойдаюцца ў паветры.

У Януках усіх па двое: дзьве пэнсіянэркі, два працаздольныя і два школьнікі, а яшчэ два сабакі, два кані й дзьве кароўкі.

Івана ў хаце я не засьпеў. Колькі дзён таму выправіўся ў суседнія Яблонцы па заробак. З тых часоў яшчэ не вяртаўся. А ўдава Марыя Януковіч працуе паштаркаю.

(Марыя Януковіч: ) “Праца на вёсцы цяжкая. Гэта ж вам ня ў горадзе: дадуць расчышчаную зімою вуліцу, а тут сьнегу бывае па вушы, а хадзіць трэба. Быў такі час, калі я і на лыжах езьдзіла”.

(Карэспандэнт: ) “Але ёсьць адпаведныя службы, якія павінныя расчышчаць дарогі”.

(Марыя Януковіч: ) “Ёсьць. Яны цэнтральную дарогу пачысьцяць, а суседнія вёскі… Я ўжо адпрацавала 26 год паштаркаю, і мне ніхто ніколі ня чысьціў. А хто нас тут пашкадуе!”

(Карэспандэнт: ) “А што людзі выпісваюць у наш час?”

(Марыя Януковіч: ) “Звязду”, “Советскую Белоруссию” і абласныя газэты. Людзі збольшага тут старыя. Яны выпісваюць якую танную газэту, каб там толькі была праграма”.

(Карэспандэнт: ) “А паштаркі толькі выконваюць функцыю разносчыка, альбо вымушаныя яшчэ заахвочваць людзей, каб тыя выпісвалі газэты?”

(Марыя Януковіч: ) “На нашае аддзяленьне трэба выпісаць 400 нумароў. Добра заахвоціць маладога чалавека, а старога… Ну як яго заахвоціць?”

(Карэспандэнт: ) “Ня выканалі вы пляну падпіскі — што робіце далей?”

(Марыя Януковіч: ) “Мы самі ўсё выпісваем, каб быў плян. Сваімі грашыма плацім”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы пасьля зь імі робіце? Здаеце на макулятуру?”

(Марыя Януковіч: ) “Пліту падпальваю ды печ растапліваю”.

Ад візыту Віктара Януковіча больш за ўсё выйграла спадарыня Марыя. Ад таго часу ейныя дзеці штолета адпачываюць ў “Артэку” і да сьвятаў атрымліваюць падарункі. Хачу закрануць тэму палітыкі, пачынаю здалёк. Аж відаць, што Марыя сама імкнецца паразважаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі да ўладаў ставяцца: да прэзыдэнта, да ўраду? Яны абмяркоўваюць, што адбываецца?”

(Марыя Януковіч: ) “Да якога прэзыдэнта: да нашага, ці да ўкраінскага?”

(Карэспандэнт: ) “А што наконт Украіны?”

(Марыя Януковіч: ) “Мы балеем за Януковіча. За свайго!”

(Карэспандэнт: ) “Чакайце! Які ж ён ваш, калі ён данецкі?”

(Марыя Януковіч: ) “Не, ён наш! У яго янукоўскія корні: маё прозьвішча Януковіч і яго — Януковіч. Можа, мы яшчэ і сваякі якія”.

(Карэспандэнт: ) “Уявім сытуацыю, што Януковіч перамог. А што гэта дасьць Янукам?”

(Марыя Януковіч: ) “А можа, што і дасьць! У жыцьці ўсялякае бывае. А можа, што і наладзіцца. Можа, мы лепей зажывём”.

(Карэспандэнт: ) “А вы наагул ведаеце, што Віктар Януковіч людзям абяцае? Ці чыталі вы ягоную праграму? А можа, ён там такое страхоцьце абяцае, што і галасаваць за яго ня варта”.

(Марыя Януковіч: ) “Пра гэта я нічога ня ведаю. Пра тое, што там адбываецца, мы даведваемся з тэлевізара. Можа, мы што ў тэлевізары не дачулі”.

(Карэспандэнт: ) “Можа лепей, каб абралі Юшчанку?”

(Марыя Януковіч: ) “Юшчанка — гэта амэрыканскі прэзыдэнт. Хай ён едзе ў Амэрыку, і там у яго ня будзе ніякіх праблемаў”.

(Карэспандэнт: ) “А хто вам сказаў, што Юшчанка — амэрыканец?”

(Марыя Януковіч: ) “Па тэлевізары. Ці не казалі такога? Можа, я нечага не разумею, але нешта там зьвязанае з Амэрыкай”.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, Януковіч да вас прыяжджаў”.

(Марыя Януковіч: ) “Хто іх бачыў на свае вочы, таму яны ўпадабаліся. Усіх запрасілі за стол. Чым частавалі? Усё было на стале: была гарэлка і добрая закуска. Дзецям — вялікая пушка цукерак і па гадзіньніку ім”.

(Карэспандэнт: ) “Мне ў Докшыцах такую байку распавялі: быў у вас Януковіч і ледзь ня кожнаму даў па сто даляраў. Праўда ці не?”

(Марыя Януковіч: ) “Даў”.

(Карэспандэнт: ) “Цяпер я разумеў, чаму вы жадаеце, каб ён часьцей да вас прыяжджаў”.

(Марыя Януковіч: ) “Слухайце, мы ўжо не такія бедныя!”

Адзіная зь вясковак, хто нічога ня ведае ні пра Віктара Януковіча, а ні пра выбары ўкраінскага прэзыдэнта — гэта паўглухая Алена Януковіч. У час памянёнага візыту яна лячылася ў шпіталі.

(Алена Януковіч: ) “Жывём памаленьку. Слабая я. Усё баліць. Скорчыла мяне ўсю. Мне ўжо 82 гады”.

(Карэспандэнт: ) “Як мэдыцына? Да вас прыяжджае нейкая фэльчарка?”

(Алена Януковіч: ) “Не. Мы да іх езьдзім. Конікам. А чым мы яшчэ можам паехаць, калі ў нас нічога няма?”

(Карэспандэнт: ) “А аўтобус?”

(Алена Януковіч: ) “Аўтобус сюды ня ходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “А каб коніка не было, чым бы паехалі?”

(Алена Януковіч: ) “Пешшу пайшла бы”.

Вёска падпарадкоўваецца Ваўкалацкаму сельвыканкаму. Зразумела, што з сакратаром Антанінай Бабарыкай мы гутарым пра Янукі. Высьвятляецца, што нячышчаныя ўзімку дарогі й далёкі ФАП — няпоўны сьпіс праблемаў.

(Бабарыка: ) “Там наагул ніколі не было тэлефону. Людзі зь вёскі Янукі заўсёды жылі без сувязі. Яны нават не разумеюць, што ім патрэбны тэлефон. Скаргаў у сельскі выканкам наконт тэлефону не паступала”.

(Карэспандэнт: ) “У размове пра Янукі немагчыма не крануць такой тэмы як Віктар Януковіч…”

(Бабарыка: ) “Калі мы даведаліся, што Віктар Януковіч наш зямляк, мы доўга рыхтаваліся сустрэць гэтага вялікага госьця. Ён прыехаў у вёску Янукі не як чужы далёкі госьць, а здаецца, што мы зь ім былі знаёмыя. Нашае насельніцтва абавязкова аддало бы галасы за Віктара Януковіча”.

(Карэспандэнт: ) “Вы так кажаце, бо ён паходзіць з вашае мясцовасьці — вы не чыталі ягонай праграмы й ня ведаеце ягоных поглядаў”.

(Бабарыка: ) “Я на свае вочы бачыла Віктара Януковіча. Ад гэтага чалавека вее дабрынёй”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ж не сустракаліся са спадаром Юшчанкам. Можа, ад яго большым дабром вее, чым ад Віктара Януковіча?”

(Бабарыка: ) “Мы гэтага чалавека лічым нашым. Мы яго любім і паважаем”.

Жыхароў Янукоў і Ваўкалацкага сельсавету больш цікавяць палітычныя падзеі ў суседняй Украіне, чым у роднай Беларусі. Прыхільнае стаўленьне да Віктара Януковіча можна растлумачыць традыцыйнай падтрымкай землякоў. А яшчэ й тым, што адзіная апэратыўная крыніца інфармацыі для вяскоўцаў — тэлевізія. А ў гэтай мясцовасьці можна прымаць толькі дзяржаўныя беларускія і расейскія каналы.
XS
SM
MD
LG