Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Буш падпіша “Акт ад дэмакратыі ў Беларусі” сёньня або заўтра


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Як паведаміў беларускай службе Радыё Свабода Робэрт Уілке, спэцыяльны памочнік прэзыдэнта па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” павінен быць падпісаны прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам не пазьней як заўтра.

Робэрт Уілке спаслаўся на словы дарадцы прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Кандалізы Райс пад час сёньняшняга паседжаньня Рады нацыянальнай бясьпекі, якая сказала, што “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” накіраваны на подпіс прэзыдэнту.

Нагадаем, што гэты закон быў адзінагалосна прыняты палатай прадстаўнікоў кангрэсу 4 кастрычніка, а 6 кастрычніка яго таксама адзінагалосна ўхваліў Сэнат ЗША.

Спадар Уілке патлумачыў, што паводле працэдуры прыняцьця новых законаў, любы новы законапраект, пасьля таго як ён прыняты абедзьвюма палатамі Кангрэсу, ідзе на подпіс да прэзыдэнта.

Прэзыдэнт мае 10 дзён ад моманту атрыманьня законапраекту ягоным офісам з Кангрэсу падпісаць яго, або накласьці вэта. У выпадках, калі гэтыя 10 дзён прыпадаюць на той час, калі Кангрэсавая сэсія не закрытая, прэзыдэнт можа і не падпісваць законапраект. У такім выпадкам ён становіцца законам аўтаматычна.

У выпадку з “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”, сказаў Робэрт Уілке, біль мог бы стаць законам аўтаматычна паколькі Кангрэс цяпер працуе. Але Рада нацыянальнай бясьпекі рэкамэндавала біль на подпіс прэзыдэнту, каб надаць яму большай важкасьці.
XS
SM
MD
LG