Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Менску пацярпелі як найменей чацьвера журналістаў


RFE/RL На рагу праспэкту Скарыны й вуліцы Энгельса АМОН, апрача ўдзельнікаў дэманстрацыі, затрымаў і кінуў у аўтобус фотакарэспандэнта “Associated Press” Сяргея Грыца.

Пасьля таго, як у рэстаран “Патыё піцца” зацягнулі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, там жа кінулі на падлогу й зьбілі апэратара НТВ Канстанціна Марозава, пасьля чаго выкінулі на вуліцу. На ягоным ілбе была кроў, дарагая тэлекамэра разьбітая.

Карэспандэнт Радыё Свабода Юры Сьвірко запісаў інтэрвію са спадаром Марозавым і ўбачыў, што за ім стаіць супрацоўнік службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.

Пасьля таго, як наш карэспандэнт задаў толькі адно пытаньне Лукашэнкаваму ахоўніку з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю, той ударыў Юрыя Сьвірко ў жывот. Людзі навокал паспрабавалі стрымаць ахоўніка, але той нанёс удар адной зь дзяўчын, якая была побач, пасьля чаго зьбег у бок прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі.

***

Як паведаміла прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, шэраг журналістаў замежных СМІ былі зьбітыя міліцыяй падчас разгону вулічнай акцыі ў цэнтры Мінска ўвечары 19 кастрычніка. Былі зьбітыя апэратары тэлеканалаў НТВ і REN-TV (тэлекамэру НТВ міліцыя разьбіла); пацярпеў ад супрацоўніка прэзыдэнцкай аховы карэспандэнт беларускай службы Радыё Свабода Юры Свірко; быў затрыманы, але потым адпушчаны фотакарэспандэнт агенцтва “Associated Press” Сяргей Грыц.

У часе акцыі на скрыжаваньні праспэкту Скарыны і вуліцы Энгельса амонаўцы, апрача ўдзельнікаў дэманстрацыі, затрымалі і кінулі ў аўтобус фотакарэспандэнта “Associated Press” Сяргея Грыца. Пасля таго, як міліцыя схапіла і зацягнула ў памяшканьне рэстарана “Патыё-піцца” лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, туды здолелі прарвацца апэратары НТВ і REN-TV Канстанцін Марозаў і Ўладзімер Косьцін. Як паведаміў БАЖ У. Косьцін, у памяшканьні было шмат амонаўцаў, якія, відавочна, увайшлі ў рэстарацыю праз чорны ўваход. Амонаўцы паклалі журналістаў на падлогу і “не давалі падняць галавы”: Яны білі па камэрах, але журналісты таксама атрымалі цялесныя пашкоджаньні. У. Косьцін паведаміў, што яму ўдалося прыкрыць сваю тэлекамэру і такім чынам захаваць яе ад пашкоджаньняў, у той час як большую па памеры камэру НТВ міліцыя разьбіла. Пасьля гэтага журналістаў выкінулі на вуліцу. Паводле відавочцаў, твар К. Марозава быў акрываўлены.

***

Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама зьвярнулася з заявамі да генэральнага пракурора Віктара Шэймана і міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.

Кіраўнікоў ведамстваў папрасілі даць ацэнку дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі, а таксама правесьці расьсьледаваньне і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у зьбіцці журналіста Паўла Шарамета.

На фотаздымку: Юры Сьвірко, Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG