Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя разагнала акцыю пратэсту апазыцыі ў цэнтры Менску, каля адміністрацыі Лукашэнкі


Валер Каліноўскі, Менск Некалькі соцень чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу і праспэкт Скарыны пратэставаць супраць фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму. Дзясяткі чалавек, у тым ліку лідэры апазыцыі Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, і Павал Севярынец затрыманыя.

На Кастрычніцкую плошчу людзі зьбіраліся да шостай гадзіны. Акцыя пачалася зь невялікага мітынгу. Лідэр "Маладога фронту" Павал Севярынец заклікаў:

(Севярынец: ) "Мы павінны быць гатовыя не да нейкіх міфічных выбараў, а да самай сур''ёзнай барацьбы. Менавіта да гэтага я заклікаю вас усіх".

Лідэр БСДП "Народная грамада" Мікола Статкевіч выказаў сваю ўпэўненасьць:

(Статкевіч: ) "Нашую краіну ня ўдасца запалохваць увесь час, народ уздымецца з каленаў. Беларусь будзе дэмакратычнай."

З транспарантам "Далоў тыранію" пратэстанты пэўны час хадзілі па праспэкце. А потым нечакана завярнулі да адміністрацыі А. Лукашэнкі. Там стаяла ўжо чатыры аўтобусы з амонаўцамі. Літаральна за хвіліну міліцыя затрымала актывістаў апазыцыі, якія ішлі ў галаве калёны, іх запхнулі ў аўтобусы і павезьлі ў Ленінскі РАУС Менску.

Распавядае адзін з затрыманых Аляксандр Валчанін з Жодзіна, лідэр мясцовай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

(Валчанін: ) “Мы былі ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. АМОН нас усіх зьбіў. Вельмі моцна зьбівалі людзей. Зараз я аўтобусе. Нас у аўтобусах вязуць у невядомым кірунку. Людзей было шмат, і амаль усіх зьбілі. І мы ішлі па тратуары. Не перашкаджалі машынам. Ішлі выказаць сваё “не” гэтаму рэжыму. Зьнянацку перад намі зьявіўся ланцуг амонаўцаў. Яны сталі ўсіх, жанчын, дзяцей зьбіваць. Білі нагамі. Шмат людзей затрыманы. Напхалі аўтобусаў дзесяць можа. У кожным аўтобусе людзей – немагчыма дыхаць. Побач са мной зараз адзін хворы на астму. Ён задыхаецца, прыступ бранхіяльнай астмы. Паспрабую аказаць яму дапамогу.”

Сярод затрыманых быў фотакарэспандэнт агенцтва "Associated Press" Сяргей Грыц, якога трохі пазьней адпусьцілі, калі ён прад''явіў дакумэнты аб акрэдытацыі як журналіста.

(Грыц: ) "Мяне схапілі пад час агульнага хапуна ля Купалаўскага тэатра. У аўтобусе было 28-30 чалавек. У асноўным моладзь. Я заўважыў толькі адну сталую жанчыну".

Пазьней пачалі затрымліваць кіраўнікоў апазыцыі Міколу Статкевіча і А. Лябедзьку. Сьведкам таго, як хапалі Лябедзьку быў ягоны паплечнік па партыі Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Людзі пачалі разыходзіцца, і Анатоль пайшоў у бок Нацыянальнага банку. За ім пабеглі людзі ў скураных чорных куртках. Ён зайшоў у рэстарацыю "Паціо-піцца", і яны за ім. Ён зачыніў дзьверы і яны пачалі рваць дзьверы, наваліліся ўчатырох. Імі кіраваў Тозік, які калісьці ў судзе быў з Анатолем. Гэта яго асабістая помста, як я разумею. Ён такі афіцэр."

Пад час сутычкі ў рэстарацыі "Паціо Піцца" пацярпеў Канстацін Марозаў, тэлеапэратар НТВ, апэратыўнікі ў яго павалілі на падлогу і пабілі, папсавалі тэлекамэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG