Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дарогі Божыя нязьведныя"


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

“Слоўнік беларускіх прыказак” Івана Лепешава й Марыі Якалцэвіч сярод сотняў іншых зьмяшчае й такую – неспавядальныя шляхі Гасподнія. Ясна, гэта калька з царкоўнаславянска-расійскага неисповедимы пути Господни, але ці сэнсоўная калька? Што такое спавядаць? Па-першае, прымаць, слухаць споведзь: скажам, сьвятар спавядае грэшніка. Таксама спавядаць – гэта выгаворваць некаму, чытаць натацыі, некага ўшчуваць. Значэньня ‘спазнаваць, выведваць, вызнаваць’ беларускі дзеяслоў спавядаць ня мае. Значыць, не перадае першапачатнага, біблійнага сэнсу й тая калька, тыя неспавядальныя шляхі Гасподнія. Нашто было такую недарэчнасьць, прадукт машынальнага калькаваньня заносіць у слоўнік?

У нашай мове ўжываецца шэраг варыянтаў, тоесных паводле сэнсу расійскаму неисповедимы пути Господни. У Караткевіча чытаем: “Нявызнаныя шляхі Твае, Пане Божа”. Герой апавяданьня Ўладзімера Арлова гаворыць пра “нявызнаныя шляхі Божыя”. Аўтарка каталіцкага часопісу “Ave Maria” піша пра “неспазнаныя шляхі Пана”. У п’есе Івана Чыгрынава ў рэпліцы знаходзім, што “шляхі Гасподнія няведамы”. Вось жа, шляхі ці дарогі Божыя (Гасподнія) нявызнаныя, неспазнаныя, няведамыя або – яшчэ – нязьведныя, бо ня дадзена іх зьведаць, спасьцігнуць. Ужывайма гэтыя варыянты – не калькуйма бяз сэнсу.
XS
SM
MD
LG