Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засьведчылі вынікі выбараў 17 кастрычніка?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 18 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і галоўны рэдактар газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Афіцыйна аб’яўленыя вынікі выбараў і рэфэрэндуму наўрад ці былі нечаканымі. Мало хто спадзяваўся на іншы ход падзеяў. Усё адбывалася адпаведна звыкламу, добра адпрацаванаму сцэнару, як і падчас іншых падобных кампаніяў. Але ўсё ж, мусіць, было і нешта новае падчас гэтай кампаніі — магчыма, маштаб фальсыфікацыяў. Магчыма, нейкія ноў-хаў у тэхналёгіі фальсыфікацыў. Як вы мяркуеце?”

(Віктар Івашкевіч: ) “Галоўнае, гэта вялікая колькасьць людзей, якія прынялі ўдзел у фальсыфікацыях. Тут усё перайшло на якасна новы ўзровень. Гэта ня проста закінуць пачак бюлетэняў старшынём камісіі. Тут падліку галасоў увогуле не адбывалася. Бюлетэні высыпаліся на стол, пачкі запакоўваліся — і абвяшчаліся вынікі, якія былі вядомыя сябрам камісіяў і іх старшыням за некалькі дзён да выбараў. Такім чынам, цынізм пры падвядзеньні вынікаў быў больш маштабны. Больш як 10 тысяч сябраў камісіяў па краіне прынялі ў гэтым удзел.

На мінулых мясцовых выбарах такая тэхналёгія адпрацоўвалася толькі ў вялікіх гарадах. У рэгіёны такая тэхналёгія не была спушчаная. Таму ўдалося правесьці ў мясцовыя саветы некалькі дзясяткаў апазыцыянэраў у малых гарадах і вясковых акругах. Цяпер такая мэтода была распаўсюджана на ўсе ўчастковыя камісіі”.

(Аляксандар Старыкевіч: ) “Мы проста наблізіліся да савецкай мадэлі выбараў. Там яўка была заўсёды 99%. Цяпер аб’яўлена, што на выбарчыя ўчасткі прыйшло амаль 90% выбаршчыкаў. За ўсе годы незалежнай Беларусі не было такой высокай лічбы. Лукашэнка публічна выказаў патрабаваньне, каб Палата прадстаўнікоў была выбраная ў першым туры. Задача выкананая на 98%. Выбрана 108”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікае ўсё ж уражаньне, што ўлады ня мелі дакладнага добра адпрацаванага сцэнару. Таму што падчас кампаніі рабіліся нейкія незразумелыя хады. Напрыклад, калі было вядома, што ніхто лічыць ня будзе, то навошта было заганяць людзей галасаваць датэрмінова? Навошта ўвогуле трэба было не рэгістраваць, здымаць з кампаніі прадстаўнікоў апазыцыі? Гэтым улады толькі псавалі сабе імідж, ніяк не набліжаючыся да тых мэтаў, якія былі пастаўленыя.

Напярэдадні выбараў існавалі меркаваньні, што Лукашэнку будзе выгадна дапусьціць у Палату прадстаўнікоў некалькіх апазыцыянэраў. Таму што гэта, быццам бы, дапамагло бы яму легітымізаваць і вынікі рэфэрэндуму. Хадзілі нават нейкія чуткі, што на самым версе прынятае рашэньне кагосьці прапусьціць, называлі нават прозьвішчы. Рэальнасьць — больш празаічная і традыцыйная. Не перамог ніводны прадстаўнік апазыцыі. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэта?”

(Івашкевіч: ) “Раней на нейкім круглым стале я казаў, што Лукашэнка памятае, да чаго прывяла гарбачоўская перабудова. Як толькі ў сыстэме жорсткай вэртыкальнай улады зьяўляецца нейкае паслабленьне, свабода выказваньня, то ўсё пачынае сыпацца. А Палата прадстаўнікоў — гэта ўсё ж хоць нейкая ўладная структура. Лукашэнка сам прыйшоў да ўлады, бо рассыпалася старая сыстэма. І аднаўляючы яе, ён памятае пра памылкі, якія, як лічыць Лукашэнка, зрабіў у свой час Гарбачоў. Той дапусьціў дэмакратыю ў партыі, і яна рассыпалася. Таму ён ніколі, калі гэта будзе залежаць ад ягонай волі, не дапусьціць ніякай апазыцыі ва ўладных структурах.

А ў грамадзтве апазыцыі будзе выдзеленая рэзэрвацыя на Варвашэні, 8. Як, напрыклад, учора — шукалі, дзе сабрацца. Хацелі гэта зрабіць ў гатэлі “Менск”. А ў выніку ўлады ўсіх сагналі на Варвашэні, 8. Маўляў, сядзіце там і размаўляйце між сабою”.

(Старыкевіч: ) “Я ня ведаю, на чым будаваліся разьлікі, што апазыцыянэры зьявяцца ў Палаце прадстаўнікоў. Бо мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў немагчыма здабыць у нейкай, няхай нераўнапраўнай, несумленнай барацьбе. Гэта намэнклятурная пасада. І так ёсьць з 1996 году Прыгадайце, у гэтым годзе ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў быў прызначаны ўказам прэзыдэнта.

Далей гэтая сыстэма толькі ўдасканальвалася. У 2000 годзе адбыліся выбары, ня лепшыя за ўчорашнія. Тады таксама ў Палату прадстаўнікоў ня быў дапушчаны (я не кажу абраны) ніводзін прадстаўнік апазыцыі. Але сыстэма была недасканалая. Таму прапусьцілі некалькі чалавек, якія потым сталі апазыцыянэрамі. Той самы Фралоў перамог тады дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу. У 2004 годзе адбыўся наступны этап удасканальваньня. Выкінулі Навасяда, які спрабваў працаваць згодна з прынцыпам “і нашым, і вашым”. Такія ўжо непатрэбныя. Выкінулі яшчэ некалькі сумнеўных асобаў”.

(Карбалевіч: ) “Нават Пашкевіча не дапусьцілі”.

(Старыкевіч: ) “Пашкевіч — яшчэ зразумела. Што вельмі цікава, не дапусьцілі Цыркун, якая ў “Белорусской газете” так захаплялася Лукашэнкам, што на ўвесь сьвет абвесьціла яго сэкс-сымбалем. Але справа ў тым, што гэтых намэнклятурных пасадаў толькі 110. Таму нават публічнага захапленьня Лкашэнкам недастаткова, каб атрымаць гэтае месца. Так што ніякіх варыянтаў у апазыцыі не было, Яна, беручы ўдзел у гэтай кампаніі, адыгрывала ролю масоўкі. У яе была магчымасьць зрабіць адзін цікавы крок: за дзень да галасаваньня зьняць усіх кандыдатаў. І тады можна было сказаць: мы скарысталі магчымасьць для агітацыі, але ня бралі ўдзелу ў гэтай прафанацыі. Але гэтага не адбылося. Усе сунуліся, і атрымалі тое, што павінны былі атрымаць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, на першы погляд, выбары ў Палату прадстаўнікоў нічога не зьмянілі. У палітычным сэнсе склад Палаты не зьмяніўся, яна будзе мець ранейшы бяспраўны статус. Такое ж стаўленьне зьнешняга сьвету, прычым як на Захадзе, так і на Ўсходзе. Апазыцыя нічога не дамаглася. Такім чынам, захаваўся статус кво? Ці нешта ўсё ж зьмянілася?”

(Івашкевіч: ) “Па-першае, апазыцыя дасягнула актывізацыі сваіх сябраў і структураў. Сябры партыяў пайшлі да людзей падчас збору подпісаў, агітацыі. Праведзеная актыўная агітацыйная кампанія. Па-другое, партыі выявілі рэальных лідэраў як у цэнтры, так і ў рэгіёнах, якія здольныя арганізаваць перадвыбарчую кампанію. І паводле зьвестак экзыт-пола, праведзеных Балтыйскай філіяй Інстытуту Гэлапа, Колас набраў у акрузе 60% галасоў, лэдэры партыяў ішлі на першым месцы.

Па-трэцяе, нашыя людзі, якія ўдзельнічалі ў агітацыі, убачылі, што ня ўсе, як сьцьвярджаюць афіцыйныя СМІ, і нават ня большасьць падтрымлівае Лукашэнку. Раней нам цяжка было стаяць у пікетах, таму што лукашысты крычалі, абзываліся й пляваліся. Цяпер лукашысты (прынамсі, у Менску і буйных гарадах) на вуліцах сябе паводзілі моўчкі.

Можа, самы важны момант: стварылася кааліцыя “Пяцёрка плюс”. Сябры ўсіх пяці партыяў увайшлі ў кантакт падчас сумеснай працы. І кааліцыя гэтая працягвае існаваць. Яна будзе ўшчыльняцца ў арганізацыйным і нават ідэалягічным пляне. А памятаеце, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў штучная кааліцыя рассыпалася, усе перасварыліся.

Паводле зьвестак таго ж экзыт-пола за кааліцыю прагаласавала 35%. А ў пачатку году яе рэйтынг быў 7%. Гэта пазытыўны рэйтынг, рэйтынг “за”. Таму што раней каля 40% грамадзян, якія былі супраць Лукашэнкі, ня бачылі сілы, якую можна падтрымліваць. Таму цяпер ёсьць з кім працаваць далей”.

(Старыкевіч: ) “Па-першае, апазыцыя не мяняецца. Пасьля кожнай кампаніі яна кажа пра актывізацыю сваіх структураў, пра ўсьведамленьне выбаршчыкамі падману іх ўладамі, пра стварэньне кааліцыі, якая мае бліскучыя шанцы ў будучым. З такімі падыходамі можна чакаць падчас наступнай кампаніі толькі чарговай “элегантнай” паразы. Гэта па-першае. Цалкам лягічны вынік, што выкінулі з выбарчага ўчастку спадарыню Уту Цапф. Гэта лягічны вынік ейнай дзейнасьці, у тым ліку, падпісаньня пратаколаў з Ардом. Сытуацыя становіцца ўсё больш празрыстай”.

(Івашкевіч: ) “У мяне пытаньне да спадара Старыкевіча. У нас улада кепская, нявартая, бо займаецца фальсыфікацыямі. Апазыцыя нявартая, бо ня можа перамагчы. А ўвогуле вы можаце назваць у беларускім грамадзтве сэгмэнт, які чагосьці варты?”

(Старыкевіч: ) “Сёньня мы маем сытуацыю вакуўму. Я не гатовы падтрымаць сёньня ні ўладу, ні апазыцыю”.

(Івашкевіч: ) “Ні трэцюю нейкую сілу?”

(Старыкевіч: ) “Трэцяй няма. І я б не сказаў, што ёсьць нават другая. Я не разглядаю сёньня апазыцыю ў якасьці сілы”.

(Івашкевіч: ) “Любая крытыка карысная. Але заўсёды, калі яна не заканчваецца нейкім канструктывам, то яна проста крытыка”.

(Старыкевіч: ) “Але палітыкаю займаецеся сёньня вы. Таму вы і павінны прапаноўваць нейкія адказы”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, з кожнай новай палітычнай кампаніяй расьце маштаб фальсыфікацыяў, удасканальваецца іхная тэхналёгія. Але вядома, што ўсялякая ўлада робіць толькі тое, што ёй дазваляе грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG