Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь зноў зьбіраецца на Кастрычніцкую плошчу, вакол плошчы дзясяткі машынаў з унутранымі войскамі й спэцназам


Валер Каліноўскі, Менск Несанкцыянаваная апазыцыйная акцыя супраць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, якая прайшла 18 кастрычніка ў Менску, упершыню за доўгі час не завершылася арыштамі й судамі супраць яе арганізатараў і ўдзельнікаў. Моладзь вырашыла ў аўторак увечары сабрацца зноў. Але на гэты раз з абеду дэманстрантаў чакаюць каля тысячы ўзброеных дубінкамі й шчытамі спэцназаўцаў.

Той факт, што ўчорашняя акцыя пратэсту не завершылася масавымі затрыманьнямі й судамі, адзін зь яе лідэраў БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч называе выключэньнем:

(Статкевіч: ) “Гэта на адзін дзень такая палітыка, магчыма, на два — пакуль яшчэ тут прысутнічае вялікая колькасьць міжнародных назіральнікаў і замежная прэса”.

Мікола Статкевіч лічыць, што гэткая далікатнасьць уладаў да дэманстрантаў — ненадоўга. Пакуль да яго асабіста ў супрацоўнікаў міліцыі прэтэнзіяў не было, але яму далі зразумець, што могуць выклікаць у РАУС пазьней. На сёньня пацярпелі толькі тыя актывісты, якія былі прэвэнтыўна затрыманыя за заклікі да правядзеньня акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыяў.

Словы спадара Статкевіча пацьвярджае апэратыўная абстаноўка ў раёне Кастрычніцкай плошчы ў Менску: за Палацам рэспублікі з абеду стаіць больш як дваццаць аўтобусаў і крытых грузавікоў з салдатамі ўнутраных войскаў і спэцназаўцаў брыгады асобага прызначэньня. Спэцназам узмоцненыя ўваходы ў Палац Рэспублікі, музэй Вялікай айчыннай вайны і іншыя будынкі.

Тым ня меней, сёньня моладзь зьбіраецца прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу зноў, і калі людзей будзе дастаткова шмат, то арганізатары гатовыя рабіць акцыю пратэсту пастаянна. Лідэр Маладога фронту Павал Севярынец кажа, што ўдзельнікі ўчорашняй акцыі, калі ішлі да адміністрацыі прэзыдэнта, хацелі сустрэцца з А.Лукашэнкам:

(Севярынец: ) “Шэрагі АМОНу не далі нам такой магчымасьці. Я думаю, што з Лукашэнкам размаўляць бессэнсоўна. Таму зь людзьмі на плошчы мы будзем размаўляць пра тое, як да 2006 году гэты рэжым зьмяніць. Будзем выкладаць свае меркаваньні, пэўную праграму дзеяньняў для нацыянальнага руху, зьмену прыярытэтаў, зьмену тактыкі, таму што так далей працягвацца ня можа”.

Гэтак Павал Севярынец вызначыў пляны на новую несанкцыянаваную акцыю 19 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG