Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі шырока й на якой падставе вядзецца праслухоўваньне тэлефонных размоваў у Беларусі?


Ганна Соусь, Менск Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька лічыць, што заяўляючы публічна пра праслухоўваньне многіх тэлефонаў, старшыня КГБ імкнуўся напалохаць людзей.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька лічыць, што кіраўнік КГБ Леанід Ерын наўмысна публічна распавёў пра праслухоўваньне тэлефонных размоваў:

(Процька: ) “Усё гэта робіцца не для таго, каб сабраць інфармацыю ці завесьці крымінальную справу, а каб напалохаць людзей, каб зьнізіць іх грамадзкую актыўнасьць. Другі раз дэманстратыўна робіцца гэты шчаўчок у тэлефоне, каб ведалі, што цябе слухаюць. Дзікунства ў тым, што пра гэта гаворыцца. Гэта не павінна гаварыцца”.

Тацяна Процька адзначае пэўнае кола асобаў, чые тэлефоны праслухоўваюць супрацоўнікі КГБ:

(Процька: ) “КГБ павінен гэта рабіць супраць крымінальных аўтарытэтаў, супраць людзей, якія ў бізнэсе працуюць не зусім законна. Тады гэта ёсьць ускосным доказам для абвінавачаньня. Сочаць на сёньняшні дзень, у асноўным, не за апазыцыяй (апазыцыя тут свой аўтарытэт перабольшвае). Я гутарыла з высокапастаўленымі людзьмі, дык яны лічаць, што за імі сочаць. І я думаю, што больш сочаць якраз за імі, а не за дзеячамі апазыцыі”.

Тым ня менш, тэлефонныя размовы дзеячаў апазыцыі праслухоўваюцца, і, як лічыць Тацяна Процька, не заўсёды са згоды пракуратуры.

(Процька: ) “Я размаўляла з спадаром Капітанам, калі ён быў яшчэ генэральным пракурорам Беларусі, і ён мне спакойна сказаў: “І мой тэлефон праслухоўваецца, і ваш праслухоўвацца, калі гэта трэба”. Я запыталася, ці даваў ён дазвол на праслухоўваньне майго тэлефону, бо без дазволу пракурора гэтага ня можна рабіць. Ён кажа: “Не, не даваў”. Ёсьць законнасьць — і ёсьць практыка. Спэцслужбы ва ўсіх краінах падключаюцца на праслухоўваньне, калі ў іх ёсьць цікавасьць да той ці іншай асобы”.

Я зьвярнулася да кіраўніка Цэнтру інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КГБ Аляксандра Базанава з пытаньнем, на якой падставе КГБ можа распачаць праслухоўваньне тэлефонных размоваў. Паводле яго, пры наяўнасьці дастатковых падставаў і пры завядзеньні крымінальнай справы на правядзеньне апэратыўна-тэхнічных мерапрыемстваў санкцыю павінен даць работнік пракуратуры. У Беларусі дзейнічае закон “Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці”, які вызначае кола асобаў, да якіх можа ўжывацца праслухоўваньне. Паводле Аляксандра Базанава, гэта стандартная міжнародная норма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG