Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Леванеўскаму і Васільеву пакінулі бязь зьменаў — два гады зьняволеньня за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі — адвакат ня мае вялікіх надзеяў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргі Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева на прысуд, які вынес ім Ленінскі раённы суд гораду. 7 верасьня іх пакаралі кожнага двума гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі.

У сваёй скарзе спадар Леванеўскі напісаў, што крымінальная справа была сфальсыфікавана паводле палітычных матываў. Ён прасіў скасаваць прысуд і спыніць крымінальную справу альбо накіраваць яе на новы разгляд. Аляксандар Васільеў прасіў апраўдаць яго, зазначыўшы, што не зьдзяйсьняў злачынства. Калегія па касацыйных скаргах на чале з судзьдзём Аляксандрам Корзунам пакінула прысуд абодвум бязь зьменаў.

Валеры Леванеўскі па пошце даслаў хадайніцтва, каб яму далі магчымасьць прысутнічаць пры разглядзе скаргі. Але суд хадайніцтва не задаволіў. Адвакат Аляксандар Бірылаў зазначыў, што доказы віны Леванеўскага і Васільева былі атрыманы з парушэньнямі, таму не правамоцныя. Сьведкаў, якія лічылі, што абвінавачаныя не абражалі прэзыдэнта Лукашэнку, ня выслухалі. Сьведкаў з боку абвінавачаньня выкарысталі ў ролі экспэртаў. Таму прысуд быў неабгрунтаваным і незаконным, зазначыў адвакат. Але калегія абласнога суду пакінула прысуд бязь зьменаў. Аляксандар Бірылаў заявіў:

(Бірылаў: ) “Атрымліваецца, што ўсе тыя довады, якія былі выкладзены ў скаргах, яны гуртам агулам былі адхілены. Прынамсі, цяпер пакуль такое ўражаньне”.

Адвакат лічыць, што Леванеўскаму і Васільеву варта падаваць скаргі ў Вярхоўны суд, хаця рэальнай надзеі на вынікі няма. Учора жонка Аляксандра Васільева Натальля сустракалася з мужам у турме. Ён сказаў, што ў камэры на 18 ложкаў — 26 чалавек, сьпяць па чарзе. Гарачай вады няма, ён месяц ня мыўся. У камэры мышы, прусакі, а ў турме ў вязьняў — пэдыкулёз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG